«Як цябе проста нясуць на руках ад мяжы — перадаць гэта немагчыма»— У калоніі адзін з непалітычных, …

— У калоніі адзін з непалітычных, хлопец з не зусім адукаванага асяроддзя, пытаўся ў мяне, што такое салідарнасць, — згадвае экс-палітвязень Сяргей Паўлавіцкі (быў асуджаны летась да трох гадоў калоніі за «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» — С.) — Я спрабаваў яму патлумачыць, як мог. А вось цяпер адчуў на сабе.
І калі б ён прайшоў гэты шлях са мной ад мяжы пад Чарнігавам да сёння, у Вільні, ён бы ніколі гэтага не забыў — што такое салідарнасць беларусаў і міжнароднай супольнасці.
Ад Украіны, якая ў стане вайны была здольная прыняць нас настолькі гасцінна, ад простых людзей да найвышэйшых службовых асоб, да Польшчы, Літвы, Нямеччыны і іншых краін ЕС, і, вядома ж, ЗША, якія прыклалі столькі намаганняў, каб мы сёння маглі знаходзіцца тут. Гэта грандыёзна.
Пакуль ты сам не даведаешся, як цябе трымае гэтая сетка салідарнасці, як цябе проста нясуць на руках ад мяжы — перадаць гэта немагчыма. Жадаю ўсім, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі як мага хутчэй адчуць гэта на сабе.
А дзеля гэтага — калі ласачка, не спыняйцеся ўсе, каму сёння дзякуем. Рабіце далей тое, што вы робіце, і толькі так пераможам. Трэба шукаць усе мажлівыя шляхі. Тут толькі малая частка ад тых, хто заслугоўвае быць на волі.
Дый шмат хто з нас разарваны са сваімі роднымі. Маёй дачцэ зрабілі падарунак напярэдадні ейнага дня народзінаў, што татка на волі, але яна — у Мінску, я — тут. А шмат хто з дзяцей маіх таварышаў па няшчасці такога падарунку на Каляды не атрымаў. Дапамажыце дзецям палітзняволеных атрымаць іх родных.