«Белавія» парушае ўмовы адмены амерыканскіх санкцый. ЗША выставілі патрабаванні васьмі лайнерам – с…

«Белавія» парушае ўмовы адмены амерыканскіх санкцый. ЗША выставілі патрабаванні васьмі лайнерам – сем ужо іх парушылі

Дзяржаўны перавозчык «Белавія» лётае ў Расію на боінгах, нягледзячы на забарону амерыканскага ўрада, высветліла «Бюро».

У пачатку лістапада ЗША афіцыйна знялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Адмену абмежаванняў анансавалі за два месяцы да таго, пасля вераснёўскай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам. Тады ж з беларускіх турмаў былі вызваленыя і высланыя ў Літву 52 палітзняволеныя, у тым ліку 14 замежных грамадзян.

Нягледзячы на адмену санкцый, «Белавія» па-ранейшаму забаронена выкарыстоўваць лайнеры амерыканскай вытворчасці для палётаў у Расію, Іран, Паўночную Карэю, Сірыю, на Кубу і акупаваныя тэрыторыі Украіны. Гэтыя ўмовы Міністэрства гандлю ЗША акрэсліла яшчэ ў верасні ў спецыяльным лісце на імя гендырэктара «Белавія» Ігара Чаргінца.

Ліст закранаў восем канкрэтных самалётаў Boeing 737. «Бюро» вывучыла расклад іх рэйсаў і высветліла, што сем лайнераў парушылі патрабаванні ЗША.

Усе яны ў верасні – лістападзе лёталі ў Маскву, шасцёра – у Санкт-Пецярбург і Сочы. Тры лайнеры выконвалі рэйсы ў Казань і Екацярынбург, два – у Калінінград. Асобныя самалёты накіроўваліся ў Махачкалу, Наябрск, Кіраў, Самару і Уладзікаўказ.

Падобна, ігнараванне ўмоваў зняцця санкцый – прынцыповая пазіцыя Мінска. У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка назваў забарону на палёты боінгаў «Белавія» ў Расію і іншыя краіны «недарэчнымі абавязацельствамі».

«Бюро» звярнулася ў Міністэрства гандлю ЗША з просьбай пракаментаваць парушэнні ўмоваў зняцця санкцый і ўдакладніць, якой можа быць рэакцыя амерыканскага боку. На момант публикацыі адказу ад ведамства мы не атрымалі.

Як санкцыі паўплывалі на «Белавія» і ці дапаможа «Белавія» Расіі абысці санкцыі — чытайце на сайце «Бюро»