СЁНЬНЯШНІЯ ПАКУТЫ — ПЛАТА ЗА ЎЧОРАШНЯЕ МАЎЧАНЬНЕТрыццаць гадоў таму Лукашэнкі станоўча выказаўся за …
Трыццаць гадоў таму Лукашэнкі станоўча выказаўся за Гітлера і заявіў, што мадэль гітлераўскага рэйху — у ягоным разуменьні, эталон дзяржаўнага ўладкаваньня. Тыя словы прагучалі па радыё, іх чулі мільёны людзей.
Гэта было ў 1995-м. Ужо за чвэрць стагодзьдзя да 2020-га было зразумела, хто такі Лукашэнка і было бачна, што ён робіць.
Ад імя БНФ як прэсавы сакратар Фронту я зрабіў заяву, што «выказваньні такога кшталту з вуснаў кіраўніка дзяржавы ня могуць быць выпадковымі. Зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі ў залі парлямэнту, забарона Свабоднага прафсаюзу, антызаконны ціск на Канстытуцыйны Суд — усё гэта крокі на шляху зьнішчэньня дэмакратыі. БНФ неаднаразова канстатаваў усталяваньне на Беларусі аўтарытарнага рэжыму і пераход да дыктатуры. Цяпер пад дыктатуру падводзіцца ідэалягічны падмурак у выглядзе „захаваньня парадку“. Розьніца хіба ў тым, што барацьба за „чысьціню арыйскае расы“ зьмянілася на „ўмацаваньне славянскага адзінства“. Народны Фронт яшчэ раз зьвяртае ўвагу кіраўнікоў дзяржаў, парлямэнтаў і ўрадаў, палітычных і праваабарончых арганізацыяў на рэстаўрацыю ў Беларусі чырвона-карычневага рэжыму».
«Вы, спадар Лукашэнка, што ўхваляеце Гітлера, ня варты аднаго воласа з галавы майго бацькі, які загінуў пад Катавіцамі ў барацьбе з гітлераўцамі, вы ня варты аднаго ўздыху майго дзядзькі, які прайшоў з 1941-га ўсю вайну ў танку „КВ“ і згарэў у ім 9 лютага 1945 году пад Мэркіш-Фрыдляндам ва Ўсходняй Прусіі. Калі б яны ўсталі — яны б вам паказалі Гітлера, — заявіў Зянон Пазьняк. — Я зьвяртаюся да адукаваных людзей Беларусі, да тых, хто здольны нешта разумець, рабіць высновы з нацыянальнай і сусьветнай гісторыі. Я пра гэта пісаў і казаў неаднаразова: Беларусь пад пагрозай усталяваньня дыктатуры, прытым надзвычай дурной дыктатуры, якая маральна зганьбіць нас на цэлыя пакаленьні, прынізіць нашу нацыянальную супольнасьць, адкіне далёка назад у эканамічным, грамадзкім і палітычным разьвіцьці».
«Лукашэнка — тыповае стварэньне позьняга бальшавізму і цяпер, дарваўшыся да дыктатуры над „нехлямяжым“ народам, шукае сабе падпоркі — аналёгіі ў гісторыі, — сказаў Васіль Быкаў. — Гітлер у гэтым сэнсе — найлепшы ўзор для перайманьня, мабыць, больш прывабны, чым нядаўнія ідалы нашага прэзыдэнта — Дзяржынскі, Андропаў, Машэраў. Цяпер ён інстынктыўна раўняецца на Гітлера, аб чым і паведаміў у хвіліну недаравальнай шчырасьці».
Сказаў Быкаў і іншае — магчыма, самае важнае: ” Беларускі народ, вядома, праглыне гэта, як ён прывык глытаць шмат што іншае”.
Быкаў не памыліўся. Маўчаньне было здрадай бацькам і дзядам — якія змагаліся з нацызмам. Але яно выракла на пакуты і нашчадкаў, бо цяпер расплачвацца сваімі лёсамі дзецям і ўнукаў тых, хто змаўчаў.