Кантрабанда на шарах. Толькі паветранымі шарамі ў Літву даставілі каля мільёна пачкаў цыгарэт з Бела…

Кантрабанда на шарах. Толькі паветранымі шарамі ў Літву даставілі каля мільёна пачкаў цыгарэт з Беларусі

Жорсткія захады на мяжы вымусілі кантрабандыстаў шукаць новыя спосабы дастаўкі цыгарэт у Літву. Хіт сезону – кантрабанда на метэаралагічных шарах. «Бюро» разам з калегамі з LRT разбіралася, як уладкаваны гэты нелегальны бізнэс.

Сёлета літоўскія мытнікі і памежнікі затрымалі больш як шэсць мільёнаў пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Гэта амаль удвая больш, чым за ўвесь мінулы год.

Кантрабандысты хаваюць вялікія партыі цыгарэт у грузавіках і чыгуначных вагонах. У якасці тавараў прыкрыцця выкарыстоўваюцца харчовыя прадукты (агуркі, перцы, рыбныя кансервы), тавары для дома (цеплаізаляцыйныя матэрыялы, кандыцыянеры) і будаўнічыя матэрыялы (друз).

На фоне міграцыйнага крызісу Літва пабудавала агароджу на мяжы з Беларуссю і закрыла чатыры з шасці пунктаў пропуску для барацьбы з кантрабандай і абыходам санкцый. Літоўская мытня ўзмоцнена правярае кожны аўтамабіль. У такіх умовах кантрабандысты шукаюць новыя маршруты і спосабы дастаўкі цыгарэт праз мяжу.

Сёлета літоўскія памежнікі перахапілі каля 550 метэазондаў і 50 дронаў з кантрабандай з Беларусі. Канфіскавана больш як 890 тысяч пачкаў цыгарэт.

Метэазонды залятаюць у паветраную прастору Літвы, дзе курсіруюць самалёты. З-за гэтага некалькі разоў прыпыняў працу вільнюскі аэрапорт. Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа назваў прылёты кантрабандных шароў «беспрэцэдэнтнай гібрыднай атакай супраць Літвы». У адказ літоўскі ўрад цалкам закрыў мяжу з Беларуссю да канца лістапада.

Каб зразумець, як працуюць кантрабандысты, мы разам з партнёрамі з LRT вывучылі афіцыйныя зводкі і судовыя дакументы, пагаварылі з афіцыйнымі і ананімнымі крыніцамі.

Кантрабандысцкая супольнасць – закрыты калектыў. Каб патрапіць туды, трэба круціцца ў пэўных колах. Адны маюць выхад на тытунёвую фабрыку, дзе можна набыць вялікую партыю цыгарэт. Іншыя шукаюць магчымасці, каб пераправіць гэты тавар праз мяжу. Трэція знаходзяць знаёмых, якія прададуць цыгаркі ў той жа Літве і перададуць грошы ў Беларусь.

«Ланцужок склаўся, і паехалі працаваць. Гэта свая супольнасць, свой калектыў. Проста ў гэтым таварыстве трэба мець зносіны і там круціцца. Цябе проста павінны ведаць. Кожны шукае свой пралаз як адправіць – хто шарамі, хто цягнікамі, хто машынамі, хто па блоку праз мяжу вязе. Людзі стараюцца зарабіць грошай», – расказаў «Бюро» былы кантрабандыст.

Усяго ў гэтым годзе літоўскія пагранічнікі затрымалі больш за 100 чалавек, падазраваных у кантрабандзе. Некаторыя затрыманыя атрымалі турэмныя тэрміны, а некаторыя – вялізныя штрафы.

«Што да беларускага боку, то мы можам сказаць толькі тое, што ў прыгранічнай зоне на тым баку без дазволу памежнікаў і іншых структур ніхто не мог бы ажыццяўляць такую дзейнасць. Іх бы затрымалі і закрылі», – зазначыў намеснік кіраўніка САДМ Антанас Монтвідас.

Як арганізаваная нелегальная дастаўка цыгарэт з Беларусі ў Літву чытайце ў сумесным расследаванні «Бюро» і LRT