Муж «рыбнай каралевы» Няронскай вядзе бізнэс у Польшчы. У 2024 годзе выручка ў яго кампаніі склала …

Беларускі бізнэсовец Глеб Няронскі, муж бізнэс-лэдзі і сяброўкі сям’і старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі – Людмілы Няронскай, валодае польскай кампаніяй Reva transport. Фірма займаецца грузавымі аўтаперавозкамі, зарэгістраваная ў Беластоку, Глеб Няронскі мае ў ёй 100% долі.
Дырэктарам кампаніі пазначаны Віталь Яруцкі, які раней працаваў у кампаніі Няронскай «Трансэкспедыцыя» і ўзначальваў кампанію «Нафтатранслагістыка» – ёй аднаасобна валодае Глеб Няронскі. У апошняй Яруцкі быў працаўладкаваны да 2023 года.
У 2024 годзе выручка кампаніі мужа «рыбнай каралевы» склала 7,6 мільёна злотых, або 1,7 мільёна еўра. Чысты прыбытак – 155 тысяч еўра.
Людміла Няронская даўно звязаная з сям’ёй Віктара Лукашэнкі. Дзеці Няронскай і Лукашэнкі вучыліся разам у прэстыжнай мінскай гімназіі № 16. Дарэчы, там жа Няронская і Лілія Лукашэнка былі разам у папячыцельскім савеце. У 2019 годзе Няронская з жонкай і дзецьмі Віктара Лукашэнкі лётала на прыватным бізнэс-джэце з Мінска ў Дубай. На шляху назад да іх далучыўся і сам Віктар.
Акрамя таго Людміла Няронская вядзе сумесны бізнэс з сынам Віктара Лукашэнкі Аляксандрам Лукашэнкам – малодшым. А зяць Віктара Лукашэнкі Дзмітрый Дзятлаў працуе ў яе дырэктарам некалькіх кампаній і нядаўна стаў кіраваць сеткай рэстаранаў.
Калі вы хочаце падтрымаць “БЮРО”, то можна падпісацца на наш “Patreon”. Таксама ёсць іншыя спосабы падтрымаць рэдакцыю.