У Беларусі адкрылі першую капліцу з праекта расійскіх спецслужбаўПраект «Маўклівае Рэха вайны» быў і…

У Беларусі адкрылі першую капліцу з праекта расійскіх спецслужбаў

Праект «Маўклівае Рэха вайны» быў ініцыяваны ў Расіі ў другой палове 2000-х ветэранамі ваеннай контрразведкі і ФСБ. З таго часу ў РФ паспелі ўсталяваць 19 капліц у памяць пра загінулых у Вялікай Айчыннай байцах. 20-ю капліцу адкрылі ў канцы верасня ў Крупскім раёне каля мястэчка Бобр на месцы гібелі ў 1944 годзе байца «Смерш» Васіля Чабатарова.

Тэлеканал СТВ памылкова паведаміў, што ён з’яўляецца ўраджэнцам Крупскага раёна: насамрэч – РСФСР. Тыпавая капліца ўпрыгожана георгіеўскім крыжом, знакам адрознення часоў Расійскай імперыі, і праваслаўнымі іконамі.

На гэтым жа месцы даўно ўсталяваны помнік Васілю Чабатарову, а ў самім Бабры стаіць бюст герою Савецкага Саюза. У 2006 годзе паведамлялася, што на бюсце Чабатарова знайшлі ўлёткі з тэкстам «Далоў рускіх акупантаў з дзяржаўных пасадаў незалежнай Рэспублікі Беларусь!», пасля чаго быў затрыманы мастак і мясцовы жыхар Алесь Пушкін.