За два месяцы пасьля свайго стварэньня, у жніўні-верасьні 1990, Апазыцыя БНФ у ВС-12 распрацавала К…

За два месяцы пасьля свайго стварэньня, у жніўні-верасьні 1990, Апазыцыя БНФ у ВС-12 распрацавала Канцэпцыю эканамічных рынкавых рэформаў, а пад яе – Зямельны Кодэкс (з увядзеньнем прыватнай уласнасьці на зямлю), законы «Аб банках і банкаўскай дзейнасьці» і «Аб уласнасьці». Былі падрыхтаваныя Закон «Аб грамадзянстве» і канцэпцыя стварэньня беларускага войска. Камуністычныя дэпутаты былі ўражаныя: самі яны ў жніўні-верасьні займаліся ці ўборкай ураджаю, ці адпачынкам, але ніяк не законатворчасьцю. І хоць практычна ўсе нашыя прапановы яны «зарубілі», але само іх абмеркаваньне, дыскусіі з аргумэнтацыяй былі для іх карысным «лікбезам». Праз год, у 1991-м, практычна ўсе нашыя напрацоўкі былі прынятыя. Акрамя прыватнай уласнасьці на зямлю, супраць якой зацята і пасьлядоўна выступаў дырэктар саўгасу «Гарадзец», дэпутат ад Шклоўскай выбарчай акругі № 310 А. Лукашэнка (што не перашкодзіць яму праз некалькі гадоў лічыць сваёй прыватнай уласнасьцю ўсю Беларусь).