«Рэжым Лукашэнкі сістэматычна злоўжывае міжнароднымі механізмамі прававога супрацоўніцтва»Падчас Вар…

«Рэжым Лукашэнкі сістэматычна злоўжывае міжнароднымі механізмамі прававога супрацоўніцтва»

Падчас Варшаўскай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні быў прадстаўлены даклад па тэме «Транснацыянальныя рэпрэсіі ў Беларусі: жорсткі інструмент пераследу іншадумства рэжымам Лукашэнкі». Падчас прэзентацыі даклада выступіў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў. 

У дакладзе паказана, як рэжым Лукашэнкі працягвае пераследаваць беларусаў нават па-за межамі краіны, выкарыстоўваючы шырокі набор інструментаў уплыву і запалохвання. Акрамя таго, падкрэслена, што такія дзеянні ўяўляюць сабой пагрозу не толькі для грамадзянаў Беларусі, але і бяспецы і суверэнітэту еўрапейскіх дзяржаваў.

У дакладзе прапануюцца рэкамендацыі для міжнародных арганізацыяў (у тым ліку АБСЕ) і нацыянальных урадаў па выпрацоўцы агульнай стратэгіі абароны правоў чалавека і суверэнітэту дзяржаваў перад тварам транснацыянальнага гвалту.

Леанід Марозаў:

«Практыка паказвае, што рэжым Лукашэнкі сістэматычна злоўжывае міжнароднымі механізмамі прававога супрацоўніцтва, уключаючы сістэму Інтэрпола, каб пераследваць беларусаў, вымушаных шукаць прытулак за мяжой. 

Міжнародная супольнасць павінна выпрацаваць узгоднены адказ у рамках міжурадавых структураў і праваабарончых інстытутаў для фільтрацыі і блакавання палітычна матываваных запытаў. Гэта дапаможа ўзмацніць механізмы абароны ахвяраў транснацыянальных рэпрэсіяў. Толькі сістэмныя меры могуць спыніць ператварэнне Інтэрпола і іншых міжнародных інструментаў у зброю аўтарытарных рэжымаў».

Сайд-івэнт падчас Канферэнцыі арганізаваны Фондам Prospect Foundation, iSANS і Дэлегацыяй Фландрыі ў Польшчы і краінах Балтыі пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай.