
У Беларусі ўпершыню знайшлі затопленае паселішча XII–XIII ст.
Навукоўцы Інстытуту гісторыі пад кіраўніцтвам Івана Сьпірына супольна з дайвінг-цэнтрам «Марскі Пэгас» упершыню знайшлі на тэрыторыі Беларусі рэшткі затопленага ўмацаванага паселішча XII–XIII ст. Паселішча круглай формы дыямэтрам каля 50 м знаходзіцца на дне вадаёму на глыбіні ў сярэднім 1 м, паведаміў Інстытут гісторыі.
У час выведнай экспэдыцыі быў зьняты плян паселішча, сабраныя матэрыялы — упрыгожаньні, зброя, прылады працы, прадметы побыту.
Навукоўцы адзначаюць: папярэдне можна зрабіць выснову, што дадзенае паселішча было зьнішчана ў час ваеннага канфлікту ў XIII ст. і ў дадзены момант гэта недасьледаваны, закансэрваваны вадой закрыты археалягічны комплекс. У сваім паведамленьні Інстытут гісторыі ня стаў раскрываць месца.