«Проста пляваць ім было на наша здароўе!». Былыя вязьні расказалі пра сьмерці ў беларускіх калёніяхh…
Мікіта Літвіненка, які адбываў тэрмін у шклоўскай калёніі, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак, паведаміў праваабаронцам «Вясны», што за час яго знаходжаньня там загінулі каля 5 чалавек.
«З майго атраду памерла тры чалавекі проста таму, што ім не аказвалі дапамогу. Зразумела, што людзі былі не здаровага ладу жыцьця, але пры жаданьні ім можна было дапамагчы», — расказаў Літвіненка.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які знаходзіўся ў віцебскай калёніі, пацьвердзіў гэтыя зьвесткі.
Яму праз дыябэт кожныя тры гадзіны трэба нешта зьесьці, але прадукты, якія ён браў з сабой на прамзону, адбіралі.
«Я расказваю пра гэта лекару, а ён мне: вы ж заўсёды можаце там папіць гарбаткі… Ну якая гарбатка на „промцы“, няўжо ён ня ведае?» — абураецца Судаленка.
У зьянволеньні загінулі вядомыя палітвязьні Вітольд Ашурак (на фота), Алесь Пушкін і Валянцін Штэрмер .