Накіпела.Што ж гэта за рыса такая — пры першай жа памылцы разарваць чалавека на кавалкі? Вось і цяпе…

Накіпела.
Што ж гэта за рыса такая — пры першай жа памылцы разарваць чалавека на кавалкі? Вось і цяпер — выказаўся Сяргей Ціханоўскі няўдала пра «няправільных беларусаў», маўляў, сабралі толькі тысячу еўра замест двухсот тысяч…
Так, гэта памылка, безумоўна. Пяць гадоў у інфармацыйнай ізаляцыі — даюць пра сябе ведаць. Але замест таго, каб зразумець ці растлумачыць, пачалося шоу: «Акела прамахнуўся!» І ўсё — палезлі са сваіх куткоў эксперты, крытыкі, абражаныя за гады, і — панеслася: «А вось і ён! Цяпер мы яго дабіваем, зальём брудам, вывернем усё, што накіпела».

Але не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.

Сапраўды, шмат хто сёння за мяжой — без пашпартоў, без падтрымкі, без надзеі. І гэта балюча. Але і Ціханоўскі пяць гадоў прабыў у пекле, у нелюдскіх умовах. І калі пасля смерці Навальнага я, як і многія, падумаў, што Сяргей можа быць наступным — то тое, што ён наогул жывы, што яго выпусцілі — гэта ўжо цуд.

І вось — адна няўдалая фраза, адна эмоцыя — і ўсё? Людзі адварочваюцца, кажуць: «Не, больш мне такая барацьба не патрэбная».

Дык, можа, праўда такая — што многія ўжо даўно змірыліся, што застануцца тут, за мяжой, і ім тая Беларусь ужо асабліва не патрэбная? Бо тут — жыцьцё наладжанае, ёсць даход, бяспека, будучыня для дзяцей.
А Ціханоўскі ўсё яшчэ жыве ў 2020-м. Ён там — у думках, у сэрцы, у позірку. І калі я гляджу на яго, я бачу чалавека, які не здаўся. А мы?

Дык гэта ўсё? Мы здаліся? І будзем цяпер проста чакаць, пакуль памруць Пуцін, а потым Лукашэнка? Думаеце, тады ўсё зменіцца? Не. На іх месцы прыйдуць новыя — такія ж.

Успамінаю радок з песні, якая гучала яшчэ ў 2006 годзе:

За краіну крыўдую, а ў героі не рвусь,
Бо не цэніць герояў мая Беларусь…

Можа, таму і няма герояў, што мы самі іх топчам, варта ім толькі раз спатыкнуцца?