У ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня ў вёсцы Смаляны ў Аршанскім раёне мясцовыя ўлады знеслі стогадовую стайню, якая разам з гатэлем утварала адзіны архітэктурны комплекс. Раней, таксама быў разбураны сам гатэль, а стайні, што прымыкалі да яго, засталіся без аднаго з муроў. Цяпер зніклі і стайні, паведамляе Orsha.eu. Архітэктурная спадчына знішчаецца ў межах падрыхтоўкі да “Дажынак”, якія сёлета пройдуць у Смалянах.
Комплексу будынкаў было больш за 100 гадоў. Яны не мелі афіцыйнага статусу помнікаў, але былі каштоўнымі сваёй гісторыяй і архітэктурай. Першапачаткова гатэль быў збудаваны мясцовым памешчыкам як жыллё для працаўнікоў маёнтку. У савецкі час пад кватэры пераабсталявалі і стайні.
Смаляны маюць некалькі значных архітэктурных помнікаў і вялікую колькасць старых будынкаў. Цягам апошняга дзесяцігоддзя ўлады спрабавалі знесці былы домініканскі кляштар. Знішчэнне спыніла Акадэмія навук. У 2023 г. былі зруйнаваныя млын і стары будынак мясцовага тэхнікума.