28 траўня Ўладзімер Гундар пяты раз сустрэў дзень народзінаў за кратамі. Днямі ад палітвязьня прыйшоў ліст, у якім некалькі радкоў — пра гэтую падзею ў ягоным жыцьці.
«Нясьпешна крочу шляхам жыцьця. Разумею жыцьця хуткаплыннасьць, яго каштоўнасьць і шчасьце, адчуваю ў кожным імгненьні асалоду і радасьць. Спадзяюся, што мы яшчэ доўга будзем насычацца водарам, смакам і гаючай сілай жыцьця, і будзем шчасьлівымі», — напісаў сваякам палітвязень.
Уладзімер Гундар інвалід, ён ня мае нагі. Цяпер свой тэрмін Гундар адбывае ў крытай магілёўскай турме, замест пратэза, якім карыстаўся на волі, перасоўваецца па турме з дапамогай мыліц. Паводле крыніцы, дасьведчанай у справах палітвязьня, на ўмовы ў вязьніцы ён не наракае. «Што праўда, ён ня верыць у хуткую свабоду. Ведае, што патрэбна шмат цярпеньня», — паведамляе крыніца пра настрой Уладзімера Гундара.
На фота: Уладзімер Гундар (архіў)