Святы Феліцыян і Менск Культ Феліцыяна здабыў вялікую папулярнасць сярод месцічаў, святы стаў лічыцц…

Святы Феліцыян і Менск

Культ Феліцыяна здабыў вялікую папулярнасць сярод месцічаў, святы стаў лічыцца апекуном Менска. Мясцовы культ адбіўся і на гарадской тапаніміцы: вуліца, якая праходзіла за езуіцкім касцёлам, стала называцца Феліцыянаўскай, за савецкім часам яе, вядома, перайменавалі ў шараговую Камсамольскую вуліцу.

У беларускіх крыніцах можна прачытаць, што ў Менск мошчы Святога Феліцыяна, атрыманыя ад папы Клімента XI, прывёз з Рыма ў 1700 годзе менскі ваявода Казімір Завіша. Хаця ў гэтай версіі ёсць хібы. Апошні раз мошчы згадваюцца ў 1921 годзе, калі савецкія ўлады адымалі ў храмаў усе вырабы з золата і срэбра. У Менскім касцёле было вынята і “срэбра з труны св. Феліцыяна”. Магчыма, і такая каштоўнасць была скрадзеная ў Расію.