Яго асудзілі на 5 гадоў зняволення, але цяпер распачынаюць новую крымінальную справу — «непадпарадкаванне». Палітвязень ужо чатыры месяцы ў ШЫЗА.
«Гэты артыкул (411 КК РБ) дазваляе бясконца працягваць тэрмін зняволення практычна без доказаў «парушэнняў», — перадаў звестку Дзядок.
Мікола папярэджваў пра такі ціск яшчэ 9 гадоў таму, але «ўсім было ўсё адно». Паводле яго ліста, турэмны кантралёр мог плюнуць на асфальт, сунуць асуджанаму ў рукі швабру і сказаць «Прыбірай!» – адмова будзе парушэннем і нагодай да крымінальнай справы, гэта «ў межах закону».
«У чым жа складалася маё „злачынства“? У 16 дысцыплінарных парушэннях: нашэнне спартовага касцюму, перамовы з суседнімі камерамі і хаджэнне па камеры пасля 22 гадзінаў.
Самі правілы складзены такім чынам, каб пакараць можна было ў любы момант. Нярэдка акты аб парушэннях фальсіфікуюцца, і паспрабуй потым дакажы, што твой абутак на самай справе быў чысты!», – пісаў яшчэ ў 2015 годзе Дзядок.
Мікола тады прасіў «ўсіх, у каго ёсць сілы і магчымасць паўплываць на становішча». Праз 9 гадоў сітуацыя стала горш.