АДКРЫТЫ ЗВАРОТ КЛУБА LICVINY ДА ГУМАНІТАРНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ Ці сапраўды дапамога тым, хто вярнуўся з ва…

05.09.2025Klub "Lićviny"

АДКРЫТЫ ЗВАРОТ КЛУБА LICVINY ДА ГУМАНІТАРНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ

Ці сапраўды дапамога тым, хто вярнуўся з вайны, не з’яўляецца гуманітарнай?


Нядаўна на запыт клуба Licviny пра падтрымку добраахвотнікаў да арганізацыі, якая працуе ў сферы гуманітарнай дапамогі, мы атрымалі такі адказ:

(PL) Nasza organizacja zgodnie ze standardami pomocy humanitarnej nie angażuje się we współpracę z organizacjami skupionymi na celach wojskowych.

(BY пераклад) Наша арганізацыя, у адпаведнасці са стандартамі гуманітарнай дапамогі, не ўдзельнічае ў супрацоўніцтве з арганізацыямі, якія засяроджваюцца на ваенных мэтах.

Аднак ні праект нашага клуба, ні дасланы намі запыт — не пра ваенныя мэты. Гутарка пра людзей. Пра беларусаў, якія добраахвотна пайшлі абараняць Украіну. Яны рызыкавалі жыццём, прайшлі найцяжэйшыя выпрабаванні, многія страцілі здароўе. Сёння яны вяртаюцца з вайны з патрэбай у адаптацыі і застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі: псіхалагічнымі, фізічнымі, сацыяльнымі.

Мы прыцягваем увагу гуманітарных арганізацый да вострага пытання сацыялізацыі ветэранаў вайны ва Украіне.

Ці сапраўды дапамога гэтым людзям не з’яўляецца гуманітарнай місіяй?
Ці могуць чалавечая годнасць і права на гуманітарную дапамогу падзяляцца на “ваеннае” і “не ваеннае”?
Чаму падтрымка ветэранаў не разглядаецца як частка гуманітарных стандартаў?

Мы заклікаем гуманітарныя арганізацыі пераасэнсаваць сваю пазіцыю і перагледзець стандарты гуманітарнай дапамогі ў дачыненні да ветэранаў вайны за свабоду і незалежнасць Украіны супраць расейскай ваеннай агрэсіі, распачатай 24 лютага 2022 году.

Заклікаем ставіць у прыярытэт не сухія тыповыя фармулёўкі, а жывых людзей, якія зрабілі свой унёсак у абарону Украіны, і, суадносна, рэгіянальную бяспеку Еўропы. Лічым дапамогу ім такой жа гуманітарнай патрэбай, як падтрымка бежанцаў і ахвяр катастрофаў. Паспяховая рэсацыялізацыя ветэранаў гэтай вайны неабходная і ім самім, і грамадству, у якое яны вяртаюцца.