Як пачаць размаўляць па-беларуску?Мы ўсё любім пачынаць з панядзелка. Але мы прапануем пачаць размаў…

Як пачаць размаўляць па-беларуску?

Мы ўсё любім пачынаць з панядзелка. Але мы прапануем пачаць размаўляць на нашай роднай мове проста зараз!

Мы сабралі кароткі спіс простых крокаў да беларускай мовы. Неабавязкова рабіць усё адразу. Можна выбраць штосьці адно, а далей вас зацягне:)

Слухайце беларускую мову.
Калі пакуль цяжка размаўляць, можна стаць актыўн_ай слухач_кай. Хай у навушніках грае беларускамоўная музыка, падкасты, інтэрв’ю і г. д. Гэта дапаможа папоўніць слоўнікавы запас і засвоіць вымаўленне. На правах рэкламы не можам не параіць наш любімы падкаст пра беларускую літаратуру «Умоўныя». А шмат фільмаў у беларускай агучцы шукайце тут.

Чытайце па-беларуску.
Можна пачаць з простых забаўляльных тэкстаў ці кароткіх навін. А далей пераходзіць да больш складаных кніг ці артыкулаў. Калі не ведаеце з чаго пачаць, прыходзьце на сустрэчы нашага клуба беларускай літаратуры.

Пішыце па-беларуску.
Звычайна пісаць не так страшна, як размаўляць. Тым больш можна папярэдне пераправерыць сябе. Можна пачаць з подпісаў на беларускай мове ў сторыз інстаграма ці з паведамленняў сябрам у мэсэнджарах. Памятайце, калі вы напішыце нам у @kropkawork, мы заўсёды адкажам вам па-беларуску.

Наведвайце беларускамоўныя івэнты.
Калі вакол вас усе размаўляюць па-беларуску, пачаць значна прасцей. Вы не будзеце адчуваць сябе «белай варонай». Ёсць нават спецыяльныя мерапрыемствы, мэта якіх – размаўляць на беларускай мове. Напрыклад, наш клуб беларускамоўнага нэтворкінгу ці сустрэчы моўных курсаў «Мова Нанова».

Зрабіце беларускую мову маленькім рытуалам.
Напрыклад, увядзіце правіла размаўляць па-беларуску 1 гадзіну ў дзень на працягу 1 месяца. Паглядзім, што атрымаецца:)

Не бойцеся рабіць памылкі!
Падаецца, гэта самая галоўная парада. Немагчыма рабіць ідэальна тое, што ты ніколі не спрабава_ла. Ну і цытуючы класікаў: «Лупіце на трасянцы!»

Беларуская мова – гэта стылёва, прыгожа і пяшчотна.

А ў каментарах дзяліцеся сваімі лайфхакамі, якія дапамаглі вам пачаць размаўляць па-беларуску.

#добры_кантэнт