
Ваш пухнаты карэспандэнт Dapamoga вяртаецца з навінамі тыдня!
На гэтым тыдні было пра што пагаварыць: і важныя навіны з Літвы, і новыя крокі ў абароне правоў беларусаў, і сустрэчы, і штодзённая дапамога Украіне. А яшчэ — кнігі, філасофія і крыху тэатра наперадзе!
Карацей, пакуль я вартаваў свой любімы куток на канапе, у Замку жыццё віравала. Распавядаю!
130 БЕЛАРУСАЎ ЗВЯРНУЛІСЯ Ў МЗС ЛІТВЫ
Ініцыятывы «Ружовыя хусткі» і Dapamoga сабралі 130 подпісаў пад калектыўным зваротам да Міністэрства замежных справаў Літвы. Беларусы просяць спрасціць атрыманне візаў для блізкіх сваякоў людзей са статусам уцекача, каб сем’і, якія гадамі не бачыліся, нарэшце маглі сустрэцца.
Я вельмі хачу, каб у кожнай сям’і была магчымасць быць разам. Бо абдымаць сваіх — гэта важна. Нават калі ты пухнаты і важыш як невялікі канапавы стол!
У ЛІТВЕ ЗАТРЫМАЛІ ПЯЦЯРЫХ «КАНДУКТАРАЎ АЙЧЫНЫ»
Літоўскія праваахоўнікі затрымалі пяцярых чалавек, якіх падазраюць у зборы інфармацыі для расійскай дзяржаўнай тэле- і радыёкампаніі. Адзін з фігурантаў — Лаўрынас Рагельскіс — скандальна вядомы беларускай супольнасці ў Вільні.
Я, вядома, не разбіраюся ў чалавечых палітычных гульнях. Але калі нехта нешта вынюхвае, гэта ўжо мая тэрыторыя!
БЕЛАРУСЫ ЗНОЎ САБРАЛІСЯ Ў ЗНАК САЛІДАРНАСЦІ
Беларусы сустрэліся на традыцыйным нядзельным мітынгу, а пасля далучыліся да пікету каля амбасады Швецыі ў падтрымку беларускага анархіста Аляксея Макарава.
Калі камусьці патрэбная падтрымка, важна быць побач. Я таксама гэта ведаю: часам дастаткова проста пасядзець побач і пакласці галаву на калені.
ПРА ГРАМАДСТВА, СХЕМЫ І ІДЭАЛЫ
Адбылася другая сустрэча з беларускім філосафам Уладзімірам Мацкевічам на тэму «Схема і грамадскі ідэал».
Паразважалі пра тое, як мы ўяўляем сабе грамадства, да якога імкнёмся, і як суадносяцца нашы ідэалы з рэальнымі дзеяннямі.
Я, праўда, больш люблю простыя схемы: міска — корм — задаволены Монці. Але разумею, што ў людзей усё значна складаней!
КНІЖНЫ КЛУБ У БЕЛАРУСКІМ ЗАМКУ
Разам з Паўлам Спірыным ўдзельнікі кніжнага клуба сабраліся, каб абмеркаваць аповесць Васіля Быкава «У тумане» — твор пра вайну, годнасць і маральны выбар.
Бывае, што ў тумане цяжка разабрацца, куды ісці. Добра, што ў мяне нос заўсёды напагатове!
І НІ НА ДЗЕНЬ НЕ СПЫНЯЕЦЦА ДАПАМОГА ЎКРАІНЕ!
У Беларускім Замку кожны дзень плятуць маскіравальныя сеткі для ўкраінскіх абаронцаў. Валанцёры працягваюць працу, бо такая дапамога патрэбная штодня.
Я, вядома, лапамі ў пляценні не вельмі спрытны. Але магу маральна падтрымліваць і сачыць, каб ніхто не забыўся на перапынак!
А ЦЯПЕР — ТРОХІ КУЛЬТУРНЫХ АНОНСАЎ!
4 снежня ў Вільні адбудзецца «Сінтэз мастацтваў» — вечар, які аб’яднае музыку трыа Nantes і монаспектакль Алены Дудзіч паводле матываў кнігі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд».
13 снежня «Вольныя Купалаўцы» ўпершыню пакажуць у Вільні спектакль «Мінскае Мора».
Мора, якога няма на мапе, але якое жыве ва ўспамінах.
У Dapamoga ёсць квіткі са зніжкай 5 €. Хто хоча трапіць на спектакль — пішыце маёй маме Наталлі – @nk_dapamoga. Яна ўсё раскажа!
Вось такі атрымаўся тыдзень, сябры!
Дзякуй усім, хто застаецца побач, падтрымлівае, прыходзіць на сустрэчы і не забываецца пра іншых.
А я пайду адпачываць. Бо пакуль людзі мяняюць свет, нехта павінен сачыць, каб канапа не сумавала!
Абдымаю ўсіх вялікімі пухнатымі лапамі!
Ваш Монці