ГАЎ-ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ! Ваш пухнаты карэспандэнт Dapamoga вяртаецца

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве
ГАЎ-ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!

Ваш пухнаты карэспандэнт Dapamoga вяртаецца з навінамі тыдня!

Сябры, у мяне такое ўражанне, што людзі ў нашым Замку зусім не ўмеюць сядзець на месцы. За адзін тыдзень паспелі і важныя звароты напісаць, і авечак сустрэць, і гісторыі з мінулага ўзгадаць. А калі ж спаць?!

Ну што, распавядаю!

ПАНЯДЗЕЛАК: ХОЧАМ, КАБ РОДНЫЯ МАГЛІ ПРЫЯЗДЖАЦЬ!

Dapamoga разам з ініцыятывай «Ружовыя хусткі» пачала збор подпісаў пад калектыўным зваротам у МЗС Літвы.

Просім прызнаць візіты блізкіх сваякоў беларускіх уцекачоў гуманітарным выпадкам, каб людзі, якія гадамі не бачылі бацькоў, дзяцей і іншых родных, нарэшце маглі сустрэцца.

Цяпер зварот можна падпісаць дыстанцыйна з дапамогай Smart-ID!

Я, вядома, сваіх родных бачу часта. Але нават мне зразумела, што сумаваць па блізкіх — зусім не сабачая дробязь.

Чаму зварот датычыцца толькі ўцекачоў
Артыкул Радыё Рацыя

АЎТОРАК: МІСІЯ «ВЫРАТУЙ АВЕЧАК!»

Падчас адной з камандзіровак я заўважыў авечак! Іх было шмат, яны хадзілі па лузе без нагляду і, здаецца, зусім не разумелі, што ім тэрмінова патрэбны пастух.

Мой унутраны швейцарскі пастух не вытрымаў! Я нават спрабаваў патрапіць на луг, але людзі не дазволілі.

Кажуць, авечкі былі чужыя. Але хіба бываюць чужыя авечкі?!

СЕРАДА: ДАПАМОГА ЛЮДЗЯМ — ЗНОЎ «ЭКСТРЭМІЗМ»

Беларускі суд паўторна прызнаў Telegram-чат «Склад Dapamoga» экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй.

Уяўляеце? Нават звычайная дапамога ад чалавека чалавеку стала падставай для такіх рашэнняў.

Я не вельмі разбіраюся ў чалавечых законах, але ўпэўнены: дзяліцца ежай і дапамагаць іншым — гэта добра!

ЧАЦВЕР: ШЭСЦЬ ГАДОЎ ПАМЯЦІ ПРА РАМАНА БАНДАРЭНКУ

12 лістапада ў Вільні адбылася акцыя памяці Рамана Бандарэнкі.

Беларусы сабраліся каля амбасады, запалілі лампадкі і ўшанавалі памяць Рамана, які загінуў пасля жорсткага збіцця ў Мінску ў 2020 годзе.

«Я выходжу!» — апошнія словы Рамана, якія сталі сімвалам мужнасці і нязломнасці.

Я сумаваў разам з усімі.

ПЯТНІЦА: ПЕСНЯ, ЯКАЯ ПЕРАЖЫЛА ТУРМУ

Алёна Лазарчык захавала сшытак з Валадаркі, у якім запісаны тэкст песні «Грай» гурта Brutto.
Калісьці яе сукамерніца Лена дыктавала словы, а Алёна запісвала. Потым яны спявалі разам.

Нарэшце жанчыны сустрэліся зноў ужо ў Вільні. Цяпер Алёна дапамагае Лене пачынаць новае жыццё пасля вызвалення.

Я вельмі люблю такія гісторыі. Бо часам адна песня можа захаваць больш, чым цэлы альбом фотаздымкаў.

НЯДЗЕЛЯ: ЗНОЎ СУСТРЭЛІСЯ Ў ВІЛЬНІ!

Сёння беларусы зноў сабраліся на традыцыйным мітынгу салідарнасці.

А ў Беларускім Замку было не менш цікава!

У кніжным клубе Паўла Спірына абмяркоўвалі «Марціна Ідэна» Джэка Лондана.

Я пакуль не чытаў, але назва мне падабаецца. Цікава, ці ёсць там сабакі?

А ўвечары прайшоў інтэрактыўны воркшоп з моўнай антрапалагіняй з ЗША.

Размаўлялі пра мовы, адчуванне дома, моўныя бар’еры і тое, як зрабіць Вільню больш адкрытай для ўсіх.

Я, дарэчы, моўных бар’ераў не ведаю. Калі хачу пагуляць, проста гаўкаю!

І ЯШЧЭ ТРОХІ КУЛЬТУРНЫХ НАВІН!

13 снежня ў Вільні «Вольныя Купалаўцы» пакажуць спектакль «Мінскае Мора».

Беларускі тэатр, родная мова і сустрэча з сябрамі. Гучыць як цудоўны план на вечар!

А 21 лістапада ў Беларускім Замку адбудзецца прэзентацыя паэтычнай кнігі Максіма Шчарбіны «Рэлігія гранітнага ката».

Аўтар прачытае свае вершы, а ахвотныя змогуць набыць кнігу з аўтографам.

Каты, як звычайна, усюды першыя: нават у назвы кніг прабіраюцца. Ну нічога, сабакі яшчэ пакажуць, хто тут галоўны!

ВОСЬ ТАКІ АТРЫМАЎСЯ ТЫДЗЕНЬ, СЯБРЫ!

Важныя звароты, авечкі, памяць, сяброўства, кнігі і новыя сустрэчы.
Людзі зноў паспелі вельмі шмат. А я, здаецца, заслужыў дадатковую порцыю пачастункаў за такую насычаную карэспандэнцкую працу!

Пайду адпачываць. Да наступных навін!

Абдымаю ўсіх вялікімі пухнатымі лапамі!

Ваш Монці