АДКРЫТЫ КІНАПАКАЗ З TETRAКЎБ #4: «АВІЯТАР» (2004) «Я хачу рабіць тое, чаго яшчэ ніхто не рабіў. Я з…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

АДКРЫТЫ КІНАПАКАЗ З TETRAКЎБ #4: «АВІЯТАР» (2004)

«Я хачу рабіць тое, чаго яшчэ ніхто не рабіў. Я здыму самы дарагі фільм у гісторыі, потым пабудую самы вялікі самалёт, а пасля стану самым багатым чалавекам у свеце».

— Говард Х’юз

Гэтым разам у межах нашых нядзельных кінасустрэч разам з Ігарам Tetraкўб 25 кастрычніка мы будзем глядзець «Авіятар» Марціна Скарсэзэ — гісторыю Говарда Х’юза, амерыканскага мільянера, авіятара і кінапрадзюсара, які імкнуўся дасягнуць немагчымага.

«Авіятар» / The Aviator (2004)
Рэжысёр — Марцін Скарсэзэ
Працягласць — 2 гадзіны 49 хвілін
У галоўных ролях — Леанарда Ды Капрыа, Кейт Бланшэт, Кейт Бекінсэйл.

Уваход вольны!

Розныя людзі здольныя вытрымліваць розны ціск тоўшчы вады. Хтосьці лопне, як паветраны шарык, ужо на глыбіні некалькіх дзясяткаў метраў пад паверхняй акіяна, а хтосьці дзякуючы трэніроўкам і дысцыпліне апусціцца на цэлыя сотні метраў.

Большасць увогуле аддасць перавагу боўтацца на хвалях, нават не дапускаючы думкі пра тое, каб падвергнуць сябе некамфортнаму ціску.

А хтосьці дасягне самага дна акіяна і толькі там дазволіць сабе сплюшчыцца, нібы кансервавая бляшанка, пад цяжарам тысячы атмасфер.

Затое як эфектна! Вы ведаеце, што такое вакуумная бомба?

Толькі, вядома, у гэтай метафары гаворка ідзе не пра сапраўдны, фізічны ціск, а пра ціск абставін, рэальнасці, адказнасці, амбіцый, уласнай псіхікі.

І, бадай, толькі самыя непамерныя для звычайнай чалавечай істоты амбіцыі або вера здольныя апусціць ваша напоўненае кіслародам цела на самае дно.

Нармальны чалавек ніколі не стане добраахвотна працягваць апускацца ў ваду, адчуваючы, як лопаюцца яго барабанныя перапонкі, як пад ціскам з лёгкіх вырываюцца апошнія рэшткі паветра, як ламаюцца косці і выскокваюць вочы з арбіт.

Каб дасягнуць дна акіяна, трэба не пакінуць сабе шляху назад, да вар’яцтва прагнуць дасягнуць акіянічнага дна — месца, дзе пабывалі лічаныя прадстаўнікі чалавечага роду, менш, чым у космасе.

Прагнуць гэтага больш за само жыццё.

Ці ведаеце вы, што такое абсесіўна-кампульсіўны разлад?

https://ru.wikipedia.org/wiki/Обсессивно-компульсивное_расстройство

Уявіце, што вас злёгку б’е токам кожны раз, калі вы, напрыклад, ужываеце словазлучэнне «я хачу».

Ну, здаецца, не так ужо і страшна. Падумаеш, людзі будуць здзіўлена глядзець на вас, калі падчас звычайнай размовы вы раптам скрывіцеся ад болю. Можна пацярпець дзень, два.

Але што, калі цяпер так будзе заўсёды?

Кожны дзень вас непазбежна будзе біць токам, калі вы купляеце ежу ў краме, ды і ўвогуле амаль падчас любой размовы.

Заўсёды. Кожны дзень.

Як варыянт, можна перастаць казаць «я хачу». Але тады бывай, чалавечае грамадства! Хто захоча мець справу з чалавекам, які нават нармальна выказацца не можа?

Можна хаваць свой боль дзякуючы жорсткаму самакантролю і дысцыпліне. Але тады людзі таксама западозраць нешта нядобрае ў чалавеку, які ўвесь час напружаны ад болю. Ды і ці вытрымаеце вы самі?

А потым да ўсяго гэтага дадасца яшчэ і тое, што вас будзе біць токам, калі вы, напрыклад, не завязалі шнуркі і выйшлі ў такім выглядзе з пакоя.

Выйшлі з кватэры, не праверыўшы, ці выключаныя ўсе электрапрыборы.

Не памылі рукі трыма відамі спецыяльнага мыла, пажадана не менш за пяць разоў, і вельмі старанна.

Вас будзе біць токам за тое, што вы наступаеце на патрэсканыя пліткі тратуара, за тое, што не выключылі святло ў сваім пакоі асаблівым, строга вызначаным спосабам, паводле пэўнай паслядоўнасці дзеянняў, ад якой нельга адхіліцца ні на ёту, — інакш усё давядзецца пачынаць спачатку.

І так вам давядзецца жыць заўсёды, год за годам, усё сваё жыццё.

Назаўсёды.

Прыкладна так я магу растлумачыць людзям, далёкім ад розных псіхічных разладаў, што значыць жыць з абсесіўна-кампульсіўным разладам — хваробай, з якой змагаўся Говард Х’юз.

Я магу гэта растлумачыць, таму што сам таксама маю АКР.

І ў мінулым у мяне былі такія ж цяжкія эпізоды, як у Х’юза.


Да сустрэчы ў Замку!

Нядзеля 25 кастрычніка
19:30
Беларускі Замак, Naujoji Riovonių 10

І традыцыйна — музычная кампазіцыя ад Ігара для патрэбнага настрою: