
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску адбылася адна з самых трагічных падзей у гісторыі Беларусі — масавы расстрэл прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
Сярод ахвяр былі не толькі паэты і пісьменнікі, але і навукоўцы, выкладчыкі, дзяржаўныя і культурныя дзеячы. З 132 вядомых сёння імёнаў расстраляных толькі 22 належалі літаратарам.
У чацвер, 29 кастрычніка, а 22:00 запрашаем вас у Беларускі Замак, каб разам ушанаваць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій і далучыцца да традыцыі Ночы (не)расстраляных паэтаў.
А 22:00 адбудзецца лекцыя «Ноч (не)расстраляных (не толькі) паэтаў».
Лектарка — Валерыя Чарнаморцава, даследчыца, стваральніца Віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій і экскурсаводка, якая сама зазнала пераслед у Беларусі за правядзенне экскурсій у Курапатах.
Падчас сустрэчы пагаворым пра гісторыю трагічнай ночы 1937 года, пра тое, як праўда аб гэтых падзеях стала вядомай грамадству, і пра тое, як беларусам удалося стварыць і захаваць традыцыю ўшанавання памяці рэпрэсаваных суайчыннікаў насуперак ціску сучаснага аўтарытарнага рэжыму.
Апоўначы, ужо 30 кастрычніка, адбудзецца паўтор перформансу, які ўпершыню быў прадстаўлены ў Мінску ў 2017 годзе падчас самай першай імпрэзы Ночы (не)расстраляных паэтаў.
Гэта магчымасць не толькі даведацца больш пра трагічныя старонкі беларускай гісторыі, але і разам захаваць памяць пра людзей, чые жыцці былі гвалтоўна абарваныя.
Уваход вольны.
Добраахвотныя данаты лектарцы вітаюцца!
Чацвер 29 кастрычніка
22:00 — лекцыя
00:00 — перформанс
Беларускі Замак, Naujoji Riovonių 10