ІНКАМУНІКАДА. ЧАЛАВЕК, ЯКОГА НЯМАУжо сёння, 17 кастрычніка, з 18:15 да 19:15 на фестывалі Pradmova …

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

ІНКАМУНІКАДА. ЧАЛАВЕК, ЯКОГА НЯМА

Ужо сёння, 17 кастрычніка, з 18:15 да 19:15 на фестывалі Pradmova ў Вільні адбудзецца панэльная дыскусія «Інкамунікада. Чалавек, якога няма», падчас якой будуць абмяркоўваць кнігу нашага сябра, журналіста і былога палітвязня Ігара Карнея.

Дом нацыянальных супольнасцей, Raugyklos g. 25.

Сам Ігар, на жаль, не зможа прыехаць у Вільню. Прычына, як ён піша, даволі банальная і адначасова абсурдная: адсутнасць легальных дакументаў для перамяшчэння.

Але на фестываль прыедзе яго жонка, наша дарагая Іна Карней!

Іна не толькі прайшла разам з мужам праз выпрабаванні ягонага зняволення, але і стала ілюстратаркай ягоных турэмных нататак, якія выйшлі пад назвай «Катаванне адзінотай».

А яшчэ Ігар падрыхтаваў для чытачоў асаблівы падарунак — каля 70 закладак з асабістымі пажаданнямі, кожнае з якіх напісаў сам. Іна аздобіла іх у нацыянальным стылі.

Як жартуе сам аўтар:

Нават у маю адсутнасьць нябачная прысутнасьць будзе гарантаваная.


У сваім допісе Ігар таксама падзяліўся ўрыўкам з кнігі пра тое, як літаратура дапамагала яму вытрымліваць ізаляцыю.

У кнігах спадзяваўся знайсці забыццё ад рэальнасці.


За час зняволення ў розных турмах і калоніях ён прачытаў каля 250 кніг. Чытанне стала для яго адным са спосабаў захаваць сябе і не застацца сам-насам з трывожнымі думкамі.

Сёння ў нас ёсць магчымасць сустрэцца з Інай, пагаварыць пра кнігу Ігара і падтрымаць яго творчасць.

Удзельнікі дыскусіі: Наталля Мацкевіч і Максім Знак.
Мадэратары: Павел Лягчылаў і Таццяна Нядбай.

А Іну можна будзе знайсці каля стэнда выдавецтва «Полацкія лабірынты» — побач з кнігамі Ігара і ягоным партрэтам.

Да сустрэчы на Pradmova!