ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!Ваш пухнаты карэспандэнт Dapamoga вяртаецца з навінамі тыдня! Я ўжо пачынаю…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!

Ваш пухнаты карэспандэнт Dapamoga вяртаецца з навінамі тыдня!

Я ўжо пачынаю падазраваць, што людзі ў нашай арганізацыі не ўмеюць адпачываць. Добра, што хоць нехта адказвае за сон. І гэты нехта — я!

Пачнём з прыгожага!

На гэтым тыдні павіншавалі з днём нараджэння цудоўную беларускую мастачку Вольгу Якубоўскую!

Я асабіста лічу, што ў яе карцінах не хапае аднаго вельмі прыгожага бернскага зененхунда. Але гэта маё прафесійнае меркаванне.

Падтрымалі нашага сябра Сяргея Далівелю!

Сяргей ўдзельнічае ў конкурсе на выступленне на фестывалі «Бардаўская восень — 2026», і мы заклікалі ўсіх за яго прагаласаваць.

https://tutaka.org/be/bardauskaja-vosien-2026-by/

Я таксама хацеў праспяваць нешта ў падтрымку, але людзі чамусьці называюць мой вакал брэхам. Нічога яны не разумеюць у мастацтве!

У Замку зноў было кіно!

Ігар Tetraкўб правёў другі «Адкрыты паказ». Гэтым разам глядзелі «Рэвальвер» Гая Рычы.

Там, кажуць, шмат шахматных камбінацый і псіхалагічных гульняў. Я ў шахматах не разбіраюся, але калі нехта кідае мячык, заўсёды ведаю наступны ход: БЯГЧЫ!

А наступная нядзеля абяцае быць яшчэ цікавейшай!

18 кастрычніка а 19:00 глядзім «Бедныя-няшчасныя» (Poor Things) Ёргаса Лантымаса.

Я пачытаў Ігараў агляд і зразумеў: здаецца, ён вельмі моцна закахаўся ў Эму Стоўн!

Ігар, я цябе разумею! Я таксама губляю галаву, калі бачу прыгожую дзяўчыну!

Былі і сур’ёзныя навіны.

Dapamoga адкрыла збор на адваката для Мікіты Саідава — маладога беларуса, былога палітвязня, які апынуўся ў цяжкай сітуацыі ў Літве.

https://dapamoga.org/be/donations/help-mikita-saidau

Я не ўсё разумею ў чалавечых законах, але ведаю: калі камусьці цяжка, важна, каб побач былі тыя, хто дапаможа.

І, вядома, нядзельны мітынг салідарнасці!

Надвор’е было такое, што нават я падумаў: «Можа, лепш дома?» Але беларусаў дождж не спыніў!

Да нас падыходзілі літоўцы, французы, госці з Македоніі, беларускія студэнты і сябры Dapamoga. Людзі цікавіліся Беларуссю, пакідалі данаты, набывалі бел-чырвона-белыя сэрцайкі і жадалі поспеху.

А адзін наш сябар нават набыў бел-чырвона-белы парасон!

Вось гэта я разумею — падрыхтоўка да віленскай восені!

Таксама нагадваем пра мерапрыемствы:

29 кастрычніка ў Вільні адбудзецца тэатральна-музычная імпрэза, прысвечаная Ночы расстраляных паэтаў.

Гэта вечар памяці беларускіх творцаў, чые жыцці абарвалі рэпрэсіі. Іх імёны і гісторыі нельга забываць.

А 31 кастрычніка ў нас будзе МЕКСІКА!

Пасля Oktoberfest каманда QUIZAVA адпраўляецца ў новае падарожжа — гэтым разам на Halloween у стылі Día de los Muertos!

Кажуць, Замак будзе поўны кветак, свечак, чарапоў і незвычайных касцюмаў.

Я пакуль не вырашыў, кім буду. Галоўнае, каб не прапанавалі пераапрануцца ў шкілета. Я і без таго прыгожы!

Дарэчы, арганізатары адкрылі збор для дэкарацый і тэхнічных патрэб. Самі яны працуюць бясплатна, таму будуць удзячныя за падтрымку!

https://dapamoga.org/be/donations/quizava-halloween-2026

Ну што, сябры, вось такі атрымаўся тыдзень!

Мастацтва, музыка, кіно, важныя справы і вялікія планы.

А я пайшоў адпачываць. Бо пакуль людзі рыхтуюць новыя мерапрыемствы, нехта павінен падтрымліваць баланс паміж працай і сном.

І гэта мая галоўная пасада!

Абдымаю ўсіх пухнатымі лапамі!

Ваш Монці

P. S. Ой, ледзь не забыўся! Мама вельмі прасіла, каб вы паглядзелі яе інтэрв’ю для «Маланкі», у якім яна разважае пра становішча беларусаў у Літве.

Я, вядома, маму слухаюся. Таму вельмі прашу: паглядзіце! Бо калі не паглядзіце, мама зноў папросіць мяне нагадаць.

https://youtube.com/live/jy2UyOTMObs