ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!Вы думалі, што пасля 6-годдзя Dapamoga мае людзі нарэшце адпачнуць? Я такса…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!

Вы думалі, што пасля 6-годдзя Dapamoga мае людзі нарэшце адпачнуць? Я таксама так думаў. Наіўны сабака.

Не паспеў я адысці ад святочнага торта (краёчак я ўсё ж аблізаў — кантроль якасці!), як у Замку зноў закіпела жыццё. Расказваю, што было на гэтым тыдні!

І пачаўся ён з выдатнай навіны: наш святочны збор закрыты! Хацелі сабраць 6000 еўра на выдаткі Беларускага Замка, а разам сабралі нават больш — 6320 еўра! 6320 разоў дзякуй усім, хто дапамагаў нашаму агульнаму дому

11 верасня мы ўспаміналі асаблівы дзень. Роўна год таму 52 палітвязні былі вызваленыя з беларускіх турмаў і калоній і апынуліся ў Літве. Dapamoga стала першым месцам, дзе нашы героі і гераіні змаглі нарэшце павячэраць на свабодзе.

У той жа дзень віншавалі нашага вялікага сябра Томаса Венцлаву з 89-годдзем! Я лічу, што сябры Dapamoga павінны жыць вельмі-вельмі доўга. Афіцыйная пазіцыя Монці

Адкрылі збор для нашага сябра Аляксея Еўтушыка. Калісьці Лёша сам дапамагаў беларусам, якія пасля рэпрэсій прыязджалі ў Літву. Цяпер пасля сур’ёзных праблем са здароўем дапамога патрэбная яму. Трэба закрыць запазычанасць перад Sodra і аднавіць медыцынскае страхаванне. Тут я скажу сур’ёзна: калі той, хто дапамагаў іншым, сам трапляе ў бяду — свае павінны быць побач.

І яшчэ адзін новы збор — 1000 еўра на прадуктовую дапамогу. Штотыдзень праз Maisto bankas мы атрымліваем прадукты і фарміруем наборы для беларусаў у Літве, якім патрэбная падтрымка. Сабачага корму там няма — я праверыў. Усё людзям!

А яшчэ пераглядалі фаер-шоу Марцінаса і яго каманды з нашага Дня нараджэння. Сапраўдная кульмінацыя свята! Я таксама хацеў бы навучыцца кіраваць агнём, але мне чамусьці не дазваляюць.

Таксама выйшаў новы выпуск «Нецэнзуравана»! Гэтым разам наш герой — Алекс, чалавек, дзякуючы якому Беларускі Замак на нашым Дні нараджэння выглядаў асабліва прыгожа. Пагаварылі пра яго асноўную працу, творчасць, Dapamoga і пра тое, як выпадковае «дапамагу з дэкорам» можа ператварыцца ў сапраўднае захапленне.

Монці, вядома, таксама лічыць сябе элементам дэкору Замка. Прычым самым прыгожым

А сёння — традыцыйная нядзельная акцыя на плошчы Кудзіркі. Пакуль Вільня бегла паўмарафон, беларусы стаялі са сцягамі. У кожнага свой спорт!

Беларусы з Прагі сустрэлі нас словамі «Жыве Беларусь!», спадар з Нідэрландаў пасля размовы пра Dapamoga заданаціў на наш украінскі збор, а дзве спадарыні з Вялікабрытаніі распыталі пра палітвязняў і пажадалі беларусам поспеху.

Вось такі тыдзень.

Можа, цяпер мае людзі адпачнуць?

Паглядзеў іх планы на наступны тыдзень. Не адпачнуць.

Ваш Монці