Сёння беларусы зноў сабраліся ў цэнтры Вільнюса на традыцыйную нядзельную акцыю салідарнасці.Кожны т…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

Сёння беларусы зноў сабраліся ў цэнтры Вільнюса на традыцыйную нядзельную акцыю салідарнасці.

Кожны такі выхад — гэта не толькі магчымасць нагадаць пра Беларусь, але і магчымасць расказаць пра нас тым, хто яшчэ мала ведае пра беларускую сітуацыю.

Сёння да ўдзельнікаў акцыі падышоў мужчына з Германіі і спытаў, чаму мы тут. Пагаварылі пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, як беларусы дапамагаюць адно аднаму, падтрымліваюць Украіну і адпраўляюць гуманітарную дапамогу. Ён забраў з сабой нашы ўлёткі з QR-кодам на сайт Dapamoga.

З госцем з Канады атрымалася яшчэ больш працяглая размова — пра падзеі 2020 года, падтрымку, якую Літва аказала беларусам, і пра тое, у якой сітуацыі беларусы знаходзяцца сёння на міжнароднай арэне.

А двое жыхароў Літвы — мужчына і жанчына — проста падышлі і зрабілі данаты на падтрымку беларускіх палітвязняў

Часам можа здавацца, што адна маленькая акцыя нічога не змяняе. Але сёння некалькі чалавек даведаліся пра Беларусь больш, хтосьці панясе гэтую інфармацыю далей, а чыясьці салідарнасць ператварылася ў канкрэтную дапамогу.

Таму мы працягваем выходзіць. Каб Беларусь бачылі. Каб пра беларусаў чулі. Каб пра палітвязняў не забывалі.