Гаў! Гэта зноў я, Монці Тыдзень атрымаўся настолькі насычаным, што мне давялося ўсё добра абнюхаць, …

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

Гаў! Гэта зноў я, Монці

Тыдзень атрымаўся настолькі насычаным, што мне давялося ўсё добра абнюхаць, каб нічога не прапусціць. Распавядаю, чым жылі Dapamoga і Беларускі Замак апошнія сем дзён!

Пачалі тыдзень з асаблівай сустрэчы. У Замку сустрэліся з праваабаронцай і былой палітзняволенай Настай Лойка.

А мяне асабліва ўзрадавала адна навіна: пасля вызвалення Наста нарэшце змагла пабачыць свайго сабаку, якога не бачыла чатыры гады! Як сабака афіцыйна заяўляю: чатыры гады без свайго чалавека — гэта неверагодна доўга. Таму за іх сустрэчу я асабліва шчаслівы!

На гэтым тыдні шмат віншавалі! Спачатку — нашага сябра Юрыя Стыльскага, а потым — нашага іншага сябра Сяргея Ціханоўскага. Зычым сіл, здароўя і яшчэ шмат добрых нагод для святкаванняў!

Успомнілі гісторыю выратавання Андрэя Вашчука. Бо гісторыя Dapamoga складаецца з гісторый канкрэтных людзей, якім у патрэбны момант нехта працягнуў руку дапамогі.

А яшчэ адкрылі нашы архівы і падзяліліся старымі фотаздымкамі пра тое, як пачыналася гісторыя Беларускага Замка. Цяпер цяжка ўявіць, колькі сустрэч, падзей і чалавечых гісторый ужо бачылі гэтыя сцены!

А ў Замак прыехала дапамога! Ажно 8 каробак з адзеннем, абуткам і рэчамі для побыту мы атрымалі ад нашых партнёрак з арганізацыі «Розовые косынки». Вялікі дзякуй за падтрымку!

І цяпер афіцыйна: Dapamoga рыхтуецца святкаваць 6 гадоў!

Сустракаемся ў суботу, 5 верасня, а 14:00 у Беларускім Замку. Захоўвайце дату!

А наш святочны збор да 6-годдзя ўжо пераадолеў адзнаку ў 2000 еўра з 6000! Усе сабраныя сродкі пойдуць на ўтрыманне Беларускага Замка. Дзякуй кожнаму і кожнай, хто дапамагае нашаму агульнаму дому жыць!

Выходныя таксама прайшлі актыўна! Мы далучыліся да маршу супраць расізму, прынялі ўдзел у мітынгу, прысвечаным гадавіне Балтыйскага шляху, а таксама адзначылі 35-годдзе Незалежнасці Беларусі

А ў суботу ў Замку пачаўся новы сезон QUIZAVA! Першая гульня была прысвечана Італіі: культура, гісторыя, мастацтва, кухня, музыка — і шмат mamma mia!

Кажуць, на свяце была яшчэ і сапраўдная хатняя лазанья. Мы з маім сябрам Наруцісам ужо распрацавалі бездакорны план, як сцягнуць хаця б кавалачак… Але мама не дазволіла.

Нічога. Мы не сумуем. Мы проста распрацоўваем новы план!

А пасля квіза мы павіншавалі з 33-годдзем нашага сябра і барда Анатоля Хіневіча

Вось такі атрымаўся тыдзень: сустрэчы і ўспаміны, салідарнасць і дапамога, святы і важныя даты, Італія і нават трошкі Сіцыліі.

А наперадзе — новы тыдзень і падрыхтоўка да 6-годдзя Dapamoga!

Так што я пайшоў адпачываць. Сабаку таксама патрэбныя выходныя пасля такога графіка!

Ваш Монці