Вуф-вуф! Гэта зноў я, Монці!Гэты тыдзень быў настолькі насычаным, што мне давялося трымаць лапу на …

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

Вуф-вуф! Гэта зноў я, Монці!

Гэты тыдзень быў настолькі насычаным, што мне давялося трымаць лапу на пульсе амаль кругласутачна! Dapamoga рыхтавалася да 9 жніўня, дапамагала, віншавала, сустракалася і ўспамінала 2020-ы — а я сачыў, каб нічога не прайшло міма маіх вушэй.

Галоўная падзея — Дзень годнасці беларусаў

Сёння беларусы зноў сабраліся на Кафедральнай плошчы Вільні, каб адзначыць шостую гадавіну 9 жніўня 2020 года. Dapamoga стала адным з суарганізатараў гэтага дня.

Бел-чырвона-белыя сцягі, музыка, мастацтва, сустрэчы, абдымкі і карагоды! А я нагадаю: у Беларусі ў 2020-м людзей адпраўлялі за краты нават за карагоды. Таму сёння проста ўзяцца за рукі ў цэнтры свабоднай Вільні — ужо асаблівы момант.

І было гучна!

Да нас далучыліся бубначы міжнароднага калектыву Rhythms of Resistance, якія ўжо не раз суправаджалі беларускія мерапрыемствы ў Вільні.

А яшчэ — музыка!

Адным з яскравых момантаў дня стаў канцэрт Юрыя Стыльскага. Знаёмыя песні гучалі ў самым сэрцы Вільні, а беларусы слухалі, спявалі разам і проста радаваліся магчымасці зноў быць побач.

І паехалі!

Адбыўся і роварны прабег салідарнасці ад Кафедральнай плошчы да Алеі беларускай дэмакратыі і назад. Я б таксама паехаў, але ровар майго памеру пакуль не знайшоў.

А пачалі яшчэ ў суботу

8 жніўня прайшла экскурсія «Беларускія жанчыны свабоды» — пра беларусак, якія ў розныя часы змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай краіны.

Завяршылі «Мой 2020»

На гэтым тыдні мы дзяліліся асабістымі ўспамінамі беларусаў пра 2020 год. Учора марафон завяршыўся гісторыяй кіраўніцы Dapamoga Наталлі Калегавай — пра 9 жніўня каля амбасады, першыя акцыі, «Варту святла» і пачатак гісторыі Dapamoga.

Дзякуй усім, хто даверыў нам свае гісторыі!

Беларускі Замак цяпер і на карціне!

Мастачка Вольга Якубоўская перадала героям і гераіням свае карціны пра беларусаў-коцікаў. Асаблівы падарунак атрымала Dapamoga — карціну з Беларускім Замкам!

Цяпер чакаю карціну пра сябе. Проста пакіну гэта тут.

Памятаеце гуманітарны груз? Ён ужо ва Украіне!

Аўтамабіль з дапамогай ад Dapamoga паспяхова дабраўся да месца прызначэння. Яшчэ адна добрая справа зроблена!

Дапамагаем Аляксею Санчуку

Мы адкрылі збор для былога палітвязня, музыкі і бубнача Аляксея Санчука. Пасля пяці гадоў зняволення ён разам з жонкай і 13-гадовай дачкой пачынае новае жыццё ў Грузіі. Сродкі патрэбныя на жыллё, лячэнне, легалізацыю і адаптацыю сям’і.

І без дзён нараджэння нікуды!

На гэтым тыдні віншавалі дзвюх дарагіх для Dapamoga жанчын.

Наталлю — былую валанцёрку, якая стаяла ля вытокаў Dapamoga і дзякуючы працы якой наша арганізацыя ўвогуле з’явілася. Сёння яна працуе з нацыянальнымі меншасцямі ў Літве.

І Таццяну — ментарку і псіхолага Dapamoga, сапраўдную фею Беларускага Замка! Таленавітую, мудрую, спакойную і ўраўнаважаную, цудоўную маму і чалавека, які заўсёды знаходзіць патрэбныя словы.

Монці далучаецца да віншаванняў!

Ну вось, здаецца, усё!

Тыдзень быў эмацыйны, насычаны і вельмі беларускі. А галоўнае — сёння мы зноў убачылі адно аднаго. Ва ўсіх ёсць праца, сем’і, справы і сваё жыццё, але часам вельмі важна проста сабрацца разам.

А цяпер я адпачываць. Я ўсё ж такі маленькі сабака, а не інфармацыйнае агенцтва!

Як заўсёды, ваш Монці