#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 3 Таццяне — 45 гадоў. З кастрычніка 2020 яна з сям’ёй знаходзіцца ў Вільні. Працу…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 3

Таццяне — 45 гадоў. З кастрычніка 2020 яна з сям’ёй знаходзіцца ў Вільні. Працуе псіхолагам, шмат валанцёрыць, любіць замежныя мовы, мастацтва і падарожжы.

2020. Кастрычнік

10:00. Час, прызначаны мне ў позве на сёння. У гэты момант я мусіла пераступаць ганак кабінета следчага на вуліцы Фрунзэ ў Менску. Але я стаю на беларуска-літоўскай мяжы, на пашпартным кантролі. Пільны позірк у дакумент, на мяне, у дысплэй. У мяне моцна сціскае і ажно клініць шыю. Гартае пашпарт. Нарэшце аддае. “Счастливого пути”. На ўездзе ў Літву апранаю маску. Бо карантын. Але дыхаецца лягчэй, чым без маскі на радзіме, дзе “ковіду няма”. Бо паветра свабоды.


2020. Лістапад. Вільня.

Вечар. Засынаем у хостэле.
— Мама, я хачу дадому…
— Дом — гэта там, дзе мы разам, сыночак
.



2021. Люты ці сакавік.

На сыходзе першай літоўскай зімы крочу па Юсцінішках. Шэрае неба, шэрыя
дзевяціпавярховікі, шэры асфальт, шэры талы снег. На заднім шкле машыны ў двары бачу надпіс: Viskas bus gerai. Словы viskas і gerai я ўжо ведаю. Цямлю, што гэта “Усё будзе добра”.


2022. Люты

Вайна.


2023. Кастрычнік

Сёння тры гады ў Літве. На досвітку кірую да Трох Крыжоў. Металічныя крылы маста Міндаўга, драўляныя прыступкі ўгору, панарама Вільні. Дзякуй табе, Літва!


2026. Красавік

На пачку сурвэтак, што трапілі ў Літву з Беларусі, чытаю: “Сваё. Якасць па-беларуску”. А далей па-руску адрас вытворцы “улица Советская”. Усміхаюся і паціскаю плячыма.


Пра эміграцыю

Час ідзе, вада цячэ, жыццё змяняецца і змяняе нас. У эміграцыі сустрэла новых людзей, знайшла новыя апоры, набыла новую прафесію. Пражытыя адчай, злосць, страты, жах ад вайны, радасць і ўдзячнасць пра салідарнасць і вызваленні з горыччу за тых, чые жыцці дагэтуль за кратамі.


Пра дом і веру

Застаецца тое, што нарадзілася як адказ сыну першымі днямі ў Літве: дом там, дзе мы разам.

Паўстае сталёвая, загартаваная вера ў тое, што сваё, па-беларуску, зажыве вольна, годна і якасна на роднай зямлі. Што мы вернемся. І дом будзе там, дзе будзем мы. Разам. Без “Фрунзе” і “Советской”.

Усё будзе добра. Сваё. Па-беларуску.


Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin

Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.