ПАЛІТЫЧНАЙ ЗЬНЯВОЛЕНАЙЁй, нецярплівай зь юных год,Так шмат цярпеньня далі страты, – Аж чайка абарве …

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

ПАЛІТЫЧНАЙ ЗЬНЯВОЛЕНАЙ

Ёй, нецярплівай зь юных год,
Так шмат цярпеньня далі страты, –
Аж чайка абарве палёт
Каля вязьніцы, на дварэ,
Сядае да яе на краты
І сьмела ежу з рук бярэ.

Кранула шэрае крыло –
І так выразна праступае,
Што цьмяным некалі было:
Між палымяных змагароў
Вяла сьляпых, сама сьляпая,
З усімі падаючы ў роў?

Я помню, як наўскапыта
Між гор ляцела па-над страхам,
Уся – парыў і пекната,
Была крылатаю амаль,
Нібы народжаная птахам
Для гор і акіянскіх хваль:

Упершыню ўцячы з гнязда
Туды, дзе ўсё шырэй прастора
І ўсё люцей кіпіць вада;
Глядзець на штармавы прасьцяг
І чуць, як б’ецца сэрца мора,
Пульсуючы ў яе грудзях.

Гераіня верша Ўільяма Батлера Ейтса – графіня Канстанцыя Маркевіч, грамадзкая дзяячка, суфражыстка, ірландзкая патрыётка з экзатычным для Ірландыі прозьвішчам. Яно дасталося ёй ад мужа, зь якім Канстанцыя Гор-Бут пазнаёмілася ў Парыжы, дзе вучылася ў акадэміі мастацтваў. (Муж –патрыёт іншай краіны, акупаванай, як вы разумееце, іншай імпэрыяй, так што іх шмат што яднала.) Канстанцыя стала адной зь лідарак антыбрытанскага паўстаньня 1916 г. ў Дубліне, крывава здушанага ангельцамі: яны расстралялі 16 кіраўнікоў – і вынесьлі сьмяротны прысуд Канстанцыі, якая годна і з выклікам паводзілася на судзе. “Усё, што я зрабіла, лічу слушным… Спадзяюся, у вас хопіць высакароднасьці мяне расстраляць”. Брытанцы замянілі расстрэл пажыцьцёвым зьняволеньнем. Але палітычныя падзеі адбываліся хутка – і ўжо праз год яна выйшла на волю. А праз тры гады стала міністаркай працы ва ўрадзе незалежнай Ірландыі. І сьціпла ды з густам езьдзіла на сваю новую працу на ровары. Чаго і ўсім нам жадаю!

Перакладаў (а потым прачытаў на ютубе ў выпуску пра Ейтса) гэты верш з думкай пра ўсіх беларускіх зьняволеных. Усім дачакацца – вашай і нашай – волі і заняць годнае месца ў новай Беларусі!

https://youtu.be/DoxnStxjcwI?is=ZOgNeSBqLjiAFJmV