Паліна Шарэнда-Панасюк была адной з першых, хто адгукнуўся на ідэю рэтрыту для былых палітвязынак. В…

Паліна Шарэнда-Панасюк была адной з першых, хто адгукнуўся на ідэю рэтрыту для былых палітвязынак. Вось яе думкі пра праект і пра тое, пра што мараць дзяўчаты ў калоніях:

«Што такое калі Сонца змяншаецца да дзірачкі памерам з адну капейку? Дзясятак такіх дзірачак, праз кожную прабіваецца мікрапраменьчык і і на працягу гадзіны з лева ў права маленькія яркія кропачкі абягаюць цемру камеры.

Калі нізка прысесці, атрымліваецца падставіць твар гэтым “сонейкам”, перамяшчацца ўсьлед за імі, лавіць святло і ў ім ўбачыць сапраўдныя колеры, з болем зразумець якой шэрай стала за гады зняволення твая скура.

Праз змружаныя вочы бачыць сапраўднае святло, бо гэты праменьчык нясе ў сябе і ўспаміны, і ўяўленні “як там зараз жыццё”, і, канешне, Мару – калісьці зноў ўсё неба і ўсё Сонца будуць тваімі!

А яшчэ ў няволі мы марылі ўбачыць адна адну без агідных чорна-ружова-хакі лахманоў, якія забівалі ў нас жаноцкасць, у нармалёвай вопратцы і абутку; нязмушана размаўляць уголас неэзопавай моваю. Прыгатаваць што хочаш і калі хочаш, і гэтым пачаставаць сваіх сябровак бяз рызыкі зарабіць рапарт за “отчужденіе”. Альбо недаступная раскоша – пабыць сам насам з сабою до-о-ў-г-і-і час. Усё разам гэта было тым цудам, на якое чакала кожная з нас.

Цяпер на цуды прыйшоў час. Канешне, рэтрыт для нас – мажлівасць пабыць у чароўным месцы, аб якім некаторыя толькі ў кніжках чыталі ці па тэлевізары бачылі. Паўднёвае сонца, горы і акіян будуць лекаваць цела. Але ня менш важным будзе магчымасць наноў пражыць і аднавіць чалавечыя стасункі ў групе, скажоныя крывым люстэркам турмаў і калоній.

На маю думку, такі рэтрыт будзе крокам да своеасаблівага вызвалення і лекавання душы. Спадзяюся, усё атрымаецца, трыгеры будуць пераадоленыя і мы са смехам разьвітаемся са сваім “каланісцкім” мінулым».

Калі вы жадаеце падтрымаць праект рэтрыту для былых палітвязынак, будзем вельмі ўдзячныя за вашу падтрымку

Чакаем вашыя ахвяраванні на нашай новай платформе:

https://dapamoga.org/be/donations/retreat-for-political-prisoners