Тыдзень таму на нашым імправізаваным вечары для тых, хто любіць і кахае, ментарка Dapamoga Таццяна …
21.02.2026Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе

Тыдзень таму на нашым імправізаваным вечары для тых, хто любіць і кахае, ментарка Dapamoga Таццяна прачытала верш пра любоў — пра любоў да беларускай мовы
Аўтар верша — Андрэй Хадановіч.
Сёння, у Дзень роднай мовы, мы дзелімся гэтым відэа з вамі. Бо любіць — гэта не толькі пра людзей. Гэта яшчэ і пра мову. Пра карані. Пра сябе.
Глядзіце, слухайце, адчувайце
Жыве беларуская мова!
Аўтар верша — Андрэй Хадановіч.
Сёння, у Дзень роднай мовы, мы дзелімся гэтым відэа з вамі. Бо любіць — гэта не толькі пра людзей. Гэта яшчэ і пра мову. Пра карані. Пра сябе.
Глядзіце, слухайце, адчувайце
Жыве беларуская мова!
МОВА
Кожная мова напоўнена ўласным сэнсам.
Кажуць, што па-нямецку добра займацца сэксам:
вывучыць нескладана – руляць галосныя гукі.
Па-беларуску любяць матчыны рукі.
Па-французску клінкамі звіняць і плятуць інтрыгі,
мараканцы й алжырцы пішуць рэпчыкі й кнігі,
цёплыя круасаны трушчыць буржуазія.
Па-беларуску скандуюць: “Беларусь – не Расія”.
У рускай мовы гарачка ад белай гарэліцы.
Добры паэт не засіліцца, дык застрэліцца.
Чорныя пісталеты помняць Бальшыя Карэтныя.
Па-беларуску друкуюць вершы паліткарэктныя.
Украінскаю мовай гучыць салаўіны пошчак,
з гэтым пошчакам добра працуецца ў Польшчах,
покуль палякі ў Брытаніі топчуць кеды.
Па-беларуску працуюць адны дармаеды.
Помняць белага брата хіндзі і суахілі.
Па-габрэйску каменьчык моліцца на магіле.
Па-ангельску маўчанне доўжыцца з Чарлі Чаплінам.
Па-беларуску над Віліяй гучна вяшчаюць чаплі нам.
Вы даўно зразумелі, што я маю наўвеце:
беларуская мова – найпрыгажэйшая ў свеце.
З кнігі “Школа травы”, 2019.