Сябры, у гэтую нядзелю 14 сьнежня а 13-30 запрашаем вас на шпацыр па Вільні “Заміж пярсідскага узору цьвяток радзімы васілька”, прысьвечаны дню народзінаў Максіма Багдановіча, які адзначаўся 9 сьнежня, а таксама гісторыі таго, як Слуцкія паясы сталі беларускім нацыянальным брэндам.
Падчас шпацыру мы пройдземся па віленскіх адрасах нашага выбітнага Паэта, згадаем, дзе былі надрукаваныя ягоны першы верш і першая кніга, згадаем тых беларускіх дзеячоў, хто дапамагаў Максіму, запрасіў, прытуліў і апекаваўся ім, абавязкова працытуем урыўкі зь ягоных вершаў з нізкі “Места”, прысьвечанай Вільні.
А напрыканцы шпацыру мы разам пасядзім у віленскай кавярні, дзе ў кожнага будзе магчымасьць пачытаць улюбёныя вершы Максіма Багдановіча.