
Сёння, у Дзень Герояў, я думаю пра тое, колькі смеласці спатрэбілася гэтым людзям. Пра іх жаданне самім вырашаць, як жыць на сваёй зямлі. І пра тое, як шмат яны былі гатовыя дзеля гэтага страціць.
Прайшло 106 гадоў. А мы дагэтуль ведаем, што такое пагроза незалежнасці. Мы бачым, як Расія вядзе вайну супраць Украіны. Як беларускія добраахвотнікі дапамагаюць украінцам абараняцца. І як зноў беларусы аддаюць свае жыцці ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі.
Мне вельмі балюча, што мы ўсё яшчэ гаворым пра гэта. Што да імёнаў герояў мінулага стагоддзя дадаюцца новыя. І што сем’і беларускіх добраахвотнікаў сёння перажываюць тое, праз што калісьці праходзілі сем’і ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну.
Я хачу, каб мы памяталі ўсіх гэтых людзей. Ведалі іх імёны, расказвалі пра іх дзецям, падтрымлівалі родных загінулых.
А яшчэ я вельмі хачу, каб нашыя дзеці і ўнукі жылі ў Беларусі, дзе ім не давядзецца рабіць такі страшны выбар. Каб яны маглі жыць у сваёй краіне, размаўляць на роднай мове, гадаваць дзяцей і будаваць планы, не баючыся, што нехта зноў прыйдзе вырашаць іх лёс.
Мне здаецца, мы многім абавязаныя тым, хто ў 1920 годзе пайшоў бараніць Беларусь. І самае важнае, што мы можам зрабіць у памяць пра іх, — зберагчы незалежнасць нашай краіны».