Любоў і каханне ў вершах Яўгеніі Янішчыц праз яркую і жыву мову паэзіі

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

​​Любоў і каханне заўсёды прысутнічаюць у вершах Яўгеніі Янішчыц, нават калі самі вершы пра нешта іншае. А яшчэ ў іх – яскравая і жывая мова. Цяжка да дня народзінаў паэткі выбраць адзін верш, таму трымайце адразу тры.

***

Шастае вятрыска па дуброве.
Сонца лістапада — на нулю.
Залатой саломачкі карове
Паўкапешкі шчыра рассцялю.

Покуль будуць частавацца госці
Ды цягнуць расчулена хмялёк,
Занясу Барбосу (ягамосці,
Проша не аб’ездзены кусок).

Пойдзе галасей руды і хмуры,
Асівее цішыня двара.
Лаз прыкрыю, каб дурніцы-куры
Не ўпусцілі хіжага тхара.

Стане песні дзіўнай пераборы
Варушыць зрадзелая радня.
Будзе ноч празрыстая. І зоры.
І паўсюль — на свеце! — дабрыня.

***

Каліна зімы

Полымем зыркім душу апаліла.
Полымем белым ўзняло з небыцця.
…Ой жа зімой закіпае каліна,
Гронка яе — як надзея жыцця.

Позняя ягадка позняй спакусы.
Вэлюм маёвы растаў па вясне.
Запунсавела-прыпухлыя вусны
Свецяцца ціха-шчасліва праз снег.

Выберу сёння якую вандроўку,
Каб неўталоннай душы дагадзіць?
Светла аклікну каліну-сяброўку —
Сумам маім на мяне паглядзіць.

Белапушыстыя ўскінуты бровы.
Час замірання. І час адкрыцця.
Доля мая — нібы гронка любові
Б’ецца над сцішанай голькай жыцця.

***

Як называюцца слёзы

Попел і чорныя цені майна.
Вые у комінах скруха.
Як называюцца слёзы? —
Вайна.
Смерць.
Галадоўка.
Разруха.
Спее сусветнага жаху града.
Хто пазбірае каменне?
Як называюцца слёзы? —
Бяда.
Здрада.
Разрыў.
Адчужэнне.
Мілы, мы зналі кахання палын,
Трушчыць як сэрцы — самота.
Як называюцца слёзы? —
Святлынь.
Радасць.
Здзіўленне.
Пяшчота.
Крэўнасць зарук, нібы іскры з кастра…
Свеце бянтэжны мой, дзе я?
Як называюцца слёзы? —
Сястра.
Маці.
Планета.
Надзея.

Жыве Беларусь!