Калі б можна было перанесціся на сто гадоў у будучыню і спытаць у выпадковага беларуса, хто забіў Рамана Бандарэнку, чалавек бы мабыць адказаў “лукашызм”. Ну сапраўды, навошта беларусу будучыні памятаць цётку з бутэлькай віна, выпадковага сілавіка ці бяздарнага чыноўніка-хакеіста? А разам яны складаюць той самы агідны твар лукашызму. Лукашызм забіў, лукашызм хаваў падрабязнасці, лукашызм прымушаў маўчаць сведак і судзіў тых, хто маўчаць не стаў. Лукашызм метадычна знішчаў спачатку стыхійныя мемарыялы ў памяць пра Рамана, а потым яго мастацкія працы, каб нічога не засталося.
Праз сто гадоў Раман канчаткова ператворыцца ў сімвал сапраўднага беларуса, ад якога хацеў пазбавіцца лукашызм, і смерць якога ў смутку і нянавісці аб’яднала краіну. Як для нас сталі сімваламі расстраляныя паэты.
Але. Сам Раман не збіраўся станавіцца сімвалам. Ён хацеў навесці парадак у сваім двары, а далей жыць жыццё, працаваць, быць побач з роднымі і сябрамі. І няхай праз сто гадоў яго забойцаў назавуць абстрактным агульным словам. Зараз іх імёны добра вядомыя. І беларусы будуць іх памятаць, пакуль забойцы не адкажуць. “Не забудзем, не даруем” – галоўны слоган 2020 года.
Вечная памяць Раману Бандарэнку!
Злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!