І сапраўды. Дзве жанчыны сядзяць з анкалогіяй, і ні адна з іх не трапіла ў партыю вызваленых падчас перамоў з ЗША. Як не трапілі амаль сляпая Вольга Маёрава і цалкам сляпы Вячаслаў Арэшка, ці пажылы Васіль Дземідовіч, якога бясконца цягаюць на этапы і новыя “суды”. Як не трапілі іншыя хворыя ці пажылыя людзі.
Жанчыну забіваюць за кратамі. Таму што могуць, таму што хвароба павышае яе кошт на сусветных рынках гандлю людзьмі за санкцыі.
Чарговую жанчыну, так?
Але ў жанчыны ёсць імя: Аксана Шаляпіна. Аксане 48 гадоў. Яна працавала архітэктаркай, потым стала мастачкай, а яшчэ – валанцёрыла ў цэнтры ратавання дзікіх жывёл. У Аксаны ёсць кот. Аксана сядзіць за дапамогу іншым зняволеным. За салідарнасць.
За кожным прозвішчам у спісах – жывы чалавек, які заслугоўвае, каб пра яго ці яе пісалі і гаварылі.
Таму – пішам і гаворым.
Свабоду Аксане Шаляпінай!
Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!