«ХАЙ БУДЗЕ „ПАГОНЯ“. АЛЕ — З ЧЫРВОНАЙ ЗОРКАЙ НА ШЧЫЦЕ!»Калі хтосьці пачытае стэнаграму сэсіі ВС 19 в…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

«ХАЙ БУДЗЕ „ПАГОНЯ“. АЛЕ — З ЧЫРВОНАЙ ЗОРКАЙ НА ШЧЫЦЕ!»

Калі хтосьці пачытае стэнаграму сэсіі ВС 19 верасьня 1991, у дзень, калі «Пагоні» і Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу надаваўся статус дзяржаўных сымбаляў, убачыць, што сярод прамоўцаў няма шмат якіх дэпутатаў БНФ, якія за тры тыдні да гэтага, 24-25 жніўня, актыўна выступалі на Сэсіі Незалежнасьці.

Прычына простая: за тры тыдні настроі пракамуністычнай дэпутацкай большасьці зьмяніліся. Пасьля правалу путчу яны былі ў страху, і на Сэсіі Незалежнасьці мы выкарыстоўвалі тактыку наступу і націску.

Цяпер жа страх зьнік, камуністы ачунялі, і тактыку нам давялося мяняць: не пужаць, а ўгаворваць.

Раніцай таго дня я адмовіўся ляцець на запрашэньне парлямэнту Малдовы ў Кішынёў (і правільна зрабіў — сымбалі прынялі «голас у голас»), на сэсіі прысутнічаў, але да мікрафону не падыходзіў: яшчэ сьвежай была памяць пра мае выступы на сэсіі ў жніўні («Калі не прагаласуеце — вас народ выцягне з Авальнай залі за валасы!»), і агітацыя за сымбалі з маіх вуснаў мела б дыямэтральны эфэкт.

І што найбольш можа зьдзівіць — у той дзень не выступаў Пазьняк. Ён падрыхтаваў тэзісы, але ў апошні момант напісаў запіску Шушкевічу, што выступ свой здымае — і прычынай была прамова Ніла Гілевіча. Гэтая прамова адданасьцю нацыянальным каштоўнасьцям можа ўпрыгожыць Поўны збор твораў паэта — але ў той канкрэтны момант яна ледзь не прывяла да катастрофы. Ніл Сымонавіч надзвычай рэзка прайшоўся па парлямэнцкай большасьці (чаго раней ніколі не рабіў), камуністы былі разьюшаныя, некаторыя паўскоквалі з крэслаў… На шчасьце, Алегу Трусаву ўдалося крыху залагодзіць камуністаў, а прэзыдэнт Акадэміі навук Уладзімер Платонаў, якога Пазьняк папрасіў тэрмінова прыехаць на сэсію, і экс—старшыня Прэзыдыюму ВС Георгій Таразевіч канчаткова супакоілі дэпутацкую большасьць.

Нарэшце, Пазьняк у перапынку падыходзіў да самых зацятых нашых палітычных апанэнтаў, да артадаксальных камуністаў, і проста ўгаворваў іх прагаласаваць. Усе аргумэнты даўно прагучалі, ён казаў ім іншае: «Мы з вамі розных палітычных паглядаў, але нас аб’ядноўвае адно: і вы, і я — беларусы. Прагаласуйце!».

(Узгадваюцца напаўкамічныя словы аднаго ветэрана-камуніста: «Добра, хлопцы, хай будзе вашая „Пагоня“. Але хай на шчыце ў рыцара на кані будзе нашая чырвоная зорка!».).

Не магу не прыгадаць выставу, якую на просьбу Пазьняка нашыя «фронтаўскія» мастакі зрабілі ў фае перад Авальнай заляй. Яна была прысьвечаная гісторыі «Пагоні» і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга. Здаецца, я так і ня здолеў прабіцца да стэндаў праз шыхт дэпутатаў-камуністаў: шмат для каго зь іх разьмешчаная на стэндах інфармацыя была ў навіну. А дэпутаты-гісторыкі (Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Алег Трусаў) тут жа, ля стэндаў, праводзілі экскурс у гісторыю…

Галасаваньне ішло цяжка, перагаласоўвалі некалькі разоў. Давялося ўносіць зьмену ў Канстытуцыю — дарэчы, Лукашэнка ад мікрафону выступіў супраць, а пры галасаваньні ўстрымаўся (такім чынам, «за» — не галасаваў).

Калі на табло ўзьнікла патрэбная лічба, У Пазьняка пацеклі сьлёзы. Потым ён прызнаўся, што ўвогуле на некалькі імгненьняў страціў прытомнасьць.

Яго часта крытыкуюць за тое, што, надаючы ўвагу стратэгіі, ён часамі ігнараваў тактыку — але ў той дзень лідэр БНФ, ды і ўся дэпутацкая апазыцыя выявілі, на мой погляд, віртуозную тактыку парлямэнцкай барацьбы, якая і прывяла да посьпеху.

І, магчыма, якраз пошук паразуменьня з апанэнтамі, нават самымі варожымі (ці тымі, якія гэткімі здаюцца) у пэўных абставінах якраз і дае станоўчы вынік. На жаль, гэты мэтад усё яшчэ не ў традыцыі беларускай палітыкі.

… Ну а што тычыцца фактычнага вяртаньня нацыянальных сымбаляў у статус дзяржаўных (дэ-юрэ яны такімі застаюцца, бо т.зв.рэфэрэндум 1995 ня быў легітымны) — мяркую, яно адбудзецца яшчэ пры жыцьці майго пакаленьня.

А пакаленьням маладзейшым пашчасьціць пад «Пагоняй» і Бел-Чырвона-Белым Сьцягам аднаўляць зьнявечаную цяперашнім рэжымам Беларусь.