18 верасня 1923 года з мапы Беларусі знік Ігумен. Бальшавікі перайменавалі старажытны горад, вядомы …

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

18 верасня 1923 года з мапы Беларусі знік Ігумен.

Бальшавікі перайменавалі старажытны горад, вядомы пад гэтай назвай з 1387 года, у Чэрвень. Назва існавала стагоддзямі – задоўга да расійскай імперыі і бальшавікоў. А ў 1923-м яна раптам стала непажаданай.

Чаму?

Слова «ігумен» азначае духоўны сан – пробашча манастыра. Для бальшавіцкай улады, якая вяла барацьбу з рэлігіяй і царквой, такая назва выглядала нязручнай. Новы Чэрвень таксама меў ідэалагічнае тлумачэнне: назву звязвалі з чэрвенем 1920 года, калі горад занялі бальшавіцкія войскі.

Так і працавала савецкая тапанімічная палітыка. Стары тапонім, які звязваў горад з ягонай доўгай гісторыяй, можна было прыбраць. На яго месца паставіць новы – такі, які нагадваў ужо пра падзею, важную для новай улады. Так назва горада ператваралася з памяці пра мінулае ў інструмент памяці, патрэбнай дзяржаве.

І гэта не быў адзінкавы выпадак. У Беларусі пераназывалі Койданава ў Дзяржынск (у гонар аўтара «чырвонага тэрору» Дзяржынскага), Шацілкі ў Светлагорск (хаця ніякіх гор там няма), Прапойск у Слаўгарад (бо назва нібыта непрыгожая). І, канечне, Менск у Мінск. Шмат такіх прыкладаў.

З мапы знікалі старажытныя назвы. Іх замянялі імёнамі савецкіх дзеячаў, ідэалагічна зручнымі тапонімамі ці проста новымі «нейтральнымі».

Бо тапанімія – гэта не проста шыльды на вуліцах. Той, хто вырашае, як называецца горад, вырашае і тое, што людзі будуць ведаць пра гэты горад. Калі назвам гарадоў ці вуліц менш за сто гадоў і яны створаныя бальшавікамі, людзі падсвядома гэта ўспрымаюць, быццам і не было ў беларусаў ніякай гісторыі да гэтага. Вось чаму так важна, як называюцца гарады і вуліцы ў іх.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee