​​Сябры, сёння ў нашага канала гадавіна: шэсць гадоў таму на ім з’явіўся першы пост. Шчыра дзякуем у…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

​​Сябры, сёння ў нашага канала гадавіна: шэсць гадоў таму на ім з’явіўся першы пост. Шчыра дзякуем усім нашым актывістам і чытачам. А яшчэ дзень народзінаў – добрая нагода, каб падзяліцца адным шыкоўным жыццёвым вершам.

Алесь Разанаў – Кладкі

Мы iдзём па дрыгве.
Абапал тояцца прорвы,
буяе жоўтая лотаць,
тоўпяцца на куп’i пукi сiтнягу.

— Нашто шукаць сваёй згубы? —
нам кажуць старыя людзi.—
Прыйдзе час,
i яна сама, каго трэба, знойдзе.

Ня згубы, аднак, мы шукаем, а выйсьця —
з жыцьця, што, не маючы мэты,
тулiцца ўскрай дрыгвянога бязьмежжа,
i хiба мы прычынай таму, што выйсьце
ў iм гэтак шчыльна зьяднанае са згубай,
а тое, што ёсьць, з тым, чаго няма?

Некалi па дрыгве былi пакладзеныя кладкi,
i людзi тады разумелi, к у д ы жывуць,
але даўно ўжо кладкi ўбiлiся ўглыб,
засмакталiся прагнай дрыгвою,
i трэба цяпер iсьцi наўздагад.

Мы гразьнем, мы сумняваемся, мы вывяраем крокi,
i калi раптам правальваемся ў згубную глыбiню,
знаходзiм, гэтак жа раптам, апiрышча —
страчанае, старое, аднятае,
але ўсё роўна заўсёды прысутнае патаемна
ў нашых адчайных памкненьнях, — к л а д к i.

Жыве Чыжоўка!
Жыве Беларусь!