
У 2010 годзе гэты дзень абвясціла Генеральная Асамблея ААН. Дату звязалі з Міжнароднай канвенцыяй для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, якая абавязвае дзяржавы расследаваць і караць такія злачынствы.
Гвалтоўнае знікненне — гэта калі чалавека затрымліваюць ці выкрадаюць прадстаўнікі дзяржавы, а потым адмаўляюць гэта, хаваюць лёс і месцазнаходжанне. Такім чынам чалавека свядома пакідаюць па-за абаронай закона, а сям’я гадамі жыве ў невядомасці.
У 1999–2000 гадах без следу зніклі апазіцыйныя палітыкі Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі і журналіст Дзмітры Завадскі. Справы дагэтуль не раскрытыя, а вінаватыя не пакараныя.
Сёння многія палітзняволеныя месяцамі застаюцца фактычна ў поўнай ізаляцыі — без лістоў, сувязі і звестак пра іх стан.
Памятаць пра ахвяр гвалтоўных знікненняў — значыць не адварочвацца ад тых, чый лёс спрабуюць схаваць сёння.