Як правільна – Менск ці Мінск?Беларуская сталіца ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 1067 годам: «И п…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

Як правільна – Менск ці Мінск?

Беларуская сталіца ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 1067 годам: «И придоша к МѢньску… взяша МѢнескь».

Ва ўсіх выпадках выкарыстоўваецца літара «Ѣ» (яць), якая азначала гук, падобны да закрытага «е» або дыфтонга «іе». У пазнейшых крыніцах ужо зʼяўляецца форма «Менск».

Сучасныя даследчыкі лічаць, што назва горада паходзіць ад ракі Мень (Мена). У дакументах XIV–XVII стагоддзяў фіксуюцца формы «Менеск», «Менск», зрэдку – «Мінск», але яна першапачаткова сустракаецца толькі ў лацінскіх і польскіх тэкстах. Там замацоўваецца напісанне «Minsk» пад уплывам іншага польскага горада «Minsk Mazowiecki». Гэтая форма трапляе ў расейскія дакументы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У канцы XVIII стагоддзя «Мінск» становіцца афіцыйнай назвай у расейскай мове.

Але ў жывой беларускай мове назва «Менск» працягвала існаваць.
Напрыклад, у 1885 годзе яе зафіксаваў «Slownik geograficzny». У 1920-х гадах горад афіцыйна называўся ужо Менскам. Але 29 ліпеня 1939 года бальшавікі перайменавалі яго ў Мінск.

Перайменаванне не было нейкай натуральнай эвалюцыяй беларускай мовы. Наадварот, гэта было палітычнае рашэнне савецкай улады, якая паслядоўна ўніфікавала назвы, мову і гістарычную памяць народаў пад патрэбы новай імперыі. Прычым калі ў іншых рэспубліках СССР часам адбывалася вяртанне або замацаванне нацыянальных формаў назваў, то ў Беларусі працэс пайшоў у супрацьлеглым кірунку.

5 верасня 1991 года Мінгарсавет аднавіў гістарычны герб горада і выказаўся за вяртанне назвы «Менск». Вярхоўны Савет Беларусі адмовіў у гэтай прапанове. Сярод аргументацыі за «Мінск» было такое: «прамаўляць слова «Менск» цяжэй, асабліва для людзей небеларускага паходжання». Гэта была апошняя на сёння спроба вярнуць сталіцы гістарычную назву.

Спрэчка пра Менск і Мінск – гэта не толькі спрэчка пра адну літару. Гэта пытанне пра тое, хто мае права называць беларускія гарады, вызначаць іх гісторыю і фармаваць калектыўную памяць. Назву «Мінск» сфармавалі не беларусы. Нашыя продкі называлі горад інакш.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee