​​27.07.1990 г была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Потым шмат чаго здарылася ў…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

​​27.07.1990 г была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

Потым шмат чаго здарылася ў свеце. Знікалі адны дзяржавы, з’яўляліся новыя. З беларусамі нарэшце здарылася Рэспубліка Беларусь. А з Беларуссю здарыўся лукашэнка. Ён планаваў узначаліць аднойчы “саюзную дзяржаву”, і дзеля гэтага гатовы быў гандляваць суверэнітэтам і ператварыць краіну ў маленькі заказнік мінулага, з лепшым марозівам, калгасамі, кдб і іншымі атрыбутамі СССР. Здарыліся фальшывыя рэферэндумы і скрадзеныя выбары, забарона нацыянальных сімвалаў, прыніжэнне беларускай мовы і культуры, масавыя рэпрэсіі і тэрор.

І можа сённяшняя гадавіна камусьці падаецца сумнай і наводзіць думкі пра змарнаваны час. Але нам яна нагадвае пра іншае. 27.07.1990 г наша краіна ўсё яшчэ была ў складзе СССР. Дэкларацыя нават не прадугледжвала выхад з яго. Проста крок, які мог ні да чаго не прывесці.

У розных канцах імперыі адбываліся ўзброеныя канфлікты, савецкія республікі абвяшчалі хто суверэнітэт, а хто незалежнасць. Дзесьці стралялі, дзесьці акцябраты насілі чырвоныя кветачкі да помнікаў леніну. Савецкі саюз планаваў перажыць часовыя цяжкасці, задавіць нацыянальныя рухі ў рэспубліках.

А праз некалькі месяцаў дзяржава, што аднойчы займала шостую частку сушы, ужо сыпалася, як берлінскі мур. І не стала ніякага СССР.

Былі людзі, якія тады не радаваліся, а шкадавалі. Былі тыя, хто не бачыў важнасці нацыянальнай дзяржавы. Але беларусы пасталелі за апошнія 35 гадоў. І зараз усе разумеюць, што незалежнасць  – не проста прыгожае слова, назва на пашпарце ці абрысы на мапе. Незалежнасць – вялікая каштоўнасць. І не бывае “проста крокаў” на шляху да незалежнасці. Усе маюць вялікае значэнне – для гісторыі, для краіны і для народа. Менавіта пра гэта мы ўзгадваем сёння.

Са святам, сябры!
Жыве Беларусь!