Чаму ж, роднае слова, гэтак часта забываюць цябе людзі — нават тут, між сваімі? Чаму сыны нашага нар…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

Чаму ж, роднае слова, гэтак часта забываюць цябе людзі — нават тут, між сваімі? Чаму сыны нашага народа так лёгка адракаюцца ад матчынай гутаркі? Кажуць: бо цёмны нашы беларусы. Але гэта няпраўда: забываюць родную мову, адракаюцца бацькоў і братоў сваіх найбольш тыя, хто дайшоў навук, выйшаў у людзі. Яны няцёмны: яны пераймаюць чужое — дзеля карысці.

Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здалее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы, — гэта вялікае мілаванне чалавека — слабога, пакрыўджанага.

Але поруч з любоўю да сваіх братоў патрэбна яшчэ нешта, што злучае людзей у суцэльны народ — гэта родная мова. Яна, быццам цэмент, звязывае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку — той адышоў ад народа далёка-далёка.

Быў у нас пясняр, што ў час спячкі народнай першы адважыўся клікаць беларусаў, каб шанавалі мову бацькоў і дзедаў сваіх. «Не кідайце мовы сваёй, каб не ўмёрлі», — пісаў Мацей Бурачок да беларусаў.

На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родну мову, узбагачываць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо запраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!

Алаіза Пашкевіч “Цётка”, “Шануйце роднае слова!”