Гэта абсалютна пракляты час для Беларусі. Загінуў кожны чацвёрты – а па некаторых падліках і кожны трэці жыхар Беларусі. Амаль 80% беларускіх гарадоў і вёсак былі разбураныя ўшчэнт.
Але, успамінаючы гэты дзень, варта памятаць і пра іншае. Для тысяч жыхароў Беларусі вайна пачалася не 22 чэрвеня 1941 года. Яна прыйшла амаль на два гады раней – у верасні 1939-га, калі Беларусь стала адным з цэнтраў падзей Другой сусветнай вайны.
Усё, што было ў чэрвені 1941-га, у Брэсце адбывалася ўжо ў верасні 1939: і бамбёжкі ў пяць раніцы, і гераічная абарона Брэсцкай крэпасці (так, у 1939). І, канечне, у Брэсце адбыўся той самы сумесны савецка-нямецкі парад у 1939, калі немцы перадалі горад саветам.
Хочацца падкрэсліць: ніхто не спрачаецца, што 22 чэрвеня 1941 – гэта трагічная дата для Беларусі. Але казаць, што ў гэты дзень пачалася вайна – гэта выкідваць амаль два гады пакутаў паловы Беларусі, для якой вайна пачалася 1 верасня 1939.
І гэта кажуць толькі для таго, каб прыхаваць, што СССР уступіў у Другую сусветную на баку нацыстаў. Гэта выгодна для расіі ці саветаў, але мы, беларусы, не мусім выгароджваць чужыя злачынствы, ад якіх пакутавала Беларусь. Таму памяць пра вайну для Беларусі – гэта не толькі 22 чэрвеня. Гэта памяць пра ўсю трагедыю Другой сусветнай, якая прынесла нашаму народу велізарныя страты і пакінула раны на некалькі пакаленняў наперад.
Далучайцеся да курса пра нашую культурную спадчыну, каб даведацца куды і як зніклі культурныя каштоўнасці з Беларусі – “Беларуская спадчына ў музеях свету” з Аляксеем Ластоўскім