Але ёсць у гэтай гісторыі незвычайны момант. Людзей за мяжой часта пераследуюць. Выходзіш на акцыю – канфіскуем маёмасць, пішаш у сацсетках – зладзім ператрус у родных, балатуешся у КР – можа нават кагосьці з сям’і пасадзім, і г.д. Едзе чалавек дадому ў адпачынак – абавязкова размова на мяжы. А вось беларусам, якія выйшлі на волю і знаходзяцца ў краіне, наўпрост кажуць “з’язджайце”. Ну то бок экстрэмісты няхай сядзяць за мяжой, галоўнае каб моўчкі.
А са студэнтамі ЕГУ не так. Ад студэнтаў патрабуюць не проста кінуць навучанне, але яшчэ і вярнуцца ў Беларусь!
А чаму, а што гэта здарылася? Няўжо ў нашай краіне для жыцця раптам не хапае моладзі і студэнтаў, а тыя, што ёсць, мараць вучыцца за мяжой?!
Не, вядома ж, не, усё добра, проста дзяржава клапоціцца пра моладзь, ну. Вяртайся, студэнт, дадому, дзяржава любіць цябе, дзяржава цябе вывучыць як умее і размяркуе куды трэба. Ідзі, студэнт, ва ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, будзеш праграмістам. Што значыць “не хачу адпрацоўваць у КДБ”, ну добра, ёсць яшчэ ў губазіку вакансія, айці краіна – яна такая. Ідзі ва ўніверсітэт замежных моў. Любіш k-pop спявачак? Ну вось, карэйскую вывучыш, толькі перакладаць будзеш не паўднёвых, а паўночных карэйцаў. У іх k-pop спявачак няма, затое кіраўнік мілы і смешны, народ кожны дзень смяецца і смяецца. А можна ў БДУ, на кафедру гістрыі, гісторыю будзеш ведаць. Ды не з гэтым падручнікам, ён экстрэмісцкі! Бачыш, студэнт, нават ёсць з чаго выбраць.
Ведаеце, сябры, атрымліваць адукацыю заўсёды няпроста. А тут яшчэ пацукі імкнуцца дзяржаўную адукацыю ператварыць у ідэалогію, недзяржаўную знішчыць, а замежную – забараніць. Але свет змяняецца, з’яўляюцца і новыя тэхналогіі, і новыя магчымасці. Маладыя хлопцы і дзяўчаты хочуць вывучаць тое, што ім цікава, і яны свой шлях знойдуць, у Беларусі ці за яе межамі. Можна пагрозамі і шантажом прымусіць чалавека кінуць навучанне дзесьці. Але нельга прымусіць яго любіць і паважаць дзяржаву, якая перашкаджае яму вучыцца.
Сіл і смеласці нашай моладзі!
Прагу да ведаў не забароніш!
Жыве Беларусь!