Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць загінулых беларусаў у Кіеве падчас візіту ва Украіну

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

У Кіеве Ціханоўская ўшанавала памяць загінулых беларусаў 

Святлана Ціханоўская працягвае свой візіт ва Украіну. Сёння з раніцы яна ўсклала кветкі:

– беларускім героям і ўдзельнікам Рэвалюцыі Годнасці:
«Майдан — гэта месца, дзе беларусы і ўкраінцы разам змагаліся за права самім вызначаць сваю будучыню. Тут луналі і беларускія бел-чырвона-белыя сцягі, і многія беларусы стаялі побач з украінцамі ў самыя драматычныя моманты Рэвалюцыі Годнасці.

Для нас вельмі важна, што ў самым сэрцы Кіева ёсць гэтае месца памяці пра беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся не за чужую краіну, а за нашую агульную свабоду і еўрапейскую будучыню».


– Міхаілу Жызнеўскаму, герою Нябеснай Сотні:
«Для многіх беларусаў гісторыя Міхаіла Жызнеўскага стала сімвалам таго, што нашыя народы сапраўды блізкія — не толькі геаграфічна, але і ў каштоўнасцях.

Рэжым пазней помсціў нават ягонай сям’і. Але памяць пра Міхася немагчыма знішчыць. Сёння многія маладыя беларусы бачаць у ім прыклад таго, што свабода заўсёды патрабуе асабістай адказнасці і смеласці».


– Паўлу Шарамету, журналісту і сімвалу свабоды слова:
«Чалавек, які ўсё жыццё змагаўся за праўду. Для беларусаў Шарамет стаў адным з сімвалаў незалежнай журналістыкі і супраціву дыктатуры. Апошнія гады жыцця ён правёў тут, у Кіеве, тут і страціў жыццё. Ушаноўваючы Шарамета мы ўшаноўваем усіх журналістаў, якія ахвяравалі жыццём, здароўем ці свабодай — дзеля сваёй прафесіі».


– Уладзіміру Караткевічу, класіку беларускай літаратуры:
«Уладзімір Караткевіч фактычна адкрыў Беларусь для саміх беларусаў. Ён вярнуў нам гісторыю, годнасць, мову і разуменне таго, што Беларусь — гэта еўрапейская нацыя з глыбокай культурай і сваёй унікальнай гісторыяй».