Сёння, праз пяць гадоў, стала вядома пра гібель ва Украіне беларускага добраахвотніка Ціхана Клюкача. У 2020 г, калі Ціхану было 18 гадоў, ён трапіў за краты, адбыў свой тэрмін і з’ехаў. У інтэрв’ю ён казаў, што дапамога Украіне – гэта шлях да вызвалення Беларусі. І вось, вызваляючы Украіну, ён загінуў.
Ціхан разумеў тады, што выйшаў не на волю. Мы кажам пра палітвязняў, кажам пра людзей за кратамі, вось іх стала менш дзякуючы амерыканцам, вось зноў больш – мянты таксама “працуюць”. Нехта забіты ў калоніі, як Вітольд, нехта выйшаў, як Ціхан. Але праўда ў тым, што ўся Беларусь за кратамі зараз.
Уся краіна за кратамі, калі там ёсць хоць адзін палітвязень. І калі ён быў, а ўлада не змянілася. І гэтая ўлада, што кіруе такой краінай, злачынная. Можна спрабаваць дамаўляцца з ёй – яна падмане. Можна гандляваць – яна скрадзе. Можна абяляць – яна праз хвіліну зноў запэцкаецца ў брудзе і крыві, і запэцкае ўсіх, хто побач.
Беларусь будзе вольнай. Але не тады, калі выйдзе апошні палітвязень, а калі тыя, хто зараз кідаюць людзей за краты, сядуць самі. Магчыма, гэта адбудзецца ў адзін дзень, магчыма – не.
Свабоднай краіне не патрэбны дзень палітвязня, але 21 мая застанецца асобым днём: днём памяці Вітольда, а цяпер і Ціхана.
Свабоду ўсім палітвязням!
Свабоду Беларусі!
Жыве Беларусь!