Гэта дзень смутку па тых, хто загінуў на фронце, быў закатаваны ў лагерах, згарэў у вёсках, памёр ад голаду, холаду і бамбёжак. За кожнай сухой лічбай стратаў стаяць канкрэтныя людзі, сем’і, недажытае жыццё.
Нам расказваюць пра подзвіг прадзедаў, сцяг над рэйхстагам, праводзяць парады і салюты – і страчаюць галоўнае. Перамога была не прыгожым фіналам, а вынікам нечалавечай цаны. Яна дасталася праз кроў, боль і разбурэнне. Памятаць трэба не толькі сам факт перамогі, а тое, чым яна была аплачаная.
Яшчэ важней разумець, чаму вайна ўвогуле стала магчымай. Яна не пачалася ў адзін дзень. Да Другой сусветнай вялі гады нянавісці, прапаганды, пошуку ўнутраных і знешніх ворагаў, культу сілы, прыніжэння чалавека, абыякавасці і страху. Калі грамадства доўга пераконваюць, што адны людзі лепшыя за іншых, што жорсткасць – гэта норма, а маўчанне – бяспека, вайна становіцца пытаннем часу.
Таму дзіўна, што ў школах часта вучаць найперш колькасць танкаў, даты бітваў і назвы аперацый. Значна важней вучыць дзяцей распазнаваць прыкметы фашызму і дыктатуры: мову нянавісці, культ правадыра, пагарду да закона, знішчэнне свабодаў, дэманізацыю іншадумцаў.
Гісторыя павінна быць не толькі пра мінулае, але і пра будучыню. Яе задача – не выхоўваць захапленне вайной, а вучыць не дапускаць яе. Не рамантызаваць зброю, а паказваць, чым заканчваецца безадказнасць і сляпая вера ў сілу. Расказваць, чаму правы чалавека – не пустыя словы, а свабода слова патрэбная не для спрэчак, а каб своечасова спыняць зло. Што маўчанне перад несправядлівасцю заўсёды робіць бяду бліжэйшай.
Сапраўдны сэнс 9 траўня не ў хлуслівых словах дзяржавы пра памяць, бо яна не памятае – і вучыць не памятаць. Сэнс гэтага дня ў тым, каб разумець прычыны катастрофы і рабіць усё, каб такое больш ніколі не здарылася.
Далучайцеся да курса пра беларускую паэзію ў сусветным кантэксце – “Таварыства жывых паэтаў і паэтак”, дзе лекцыі будзе чытаць Андрэй Хадановіч
Ствараем беларускую нацыянальную ідэю