7 красавіка – дзень памяці Ларысы Геніюш. Вось добры верш на дзень памяці, нам вельмі падабаецца.
Цуд
Весяліўся, сьмяяўся агонь,
чырванеў, як зара-зараніца,
і згараў на ім белы мой конь,
і згараў на ім мужны мой рыцар.
Як з паганскіх курганных часоў,
ішлі ўдовы на вогнішча сьмерці,
я, найболей няшчасная з ўдоў,
свайму рыцару кінула сэрца.
Ўзьняўся ў неба ахвярны мой дым,
рос із сэрца майго агнявіцай,
і скрозь сьлёзы я бачыла ў ім,
як ажыў йзноў конь белы і рыцар.
I сярод найцяжэйшых пакут
я паверыла сэрцам гаротным,
што з ахвяраў нам зродзіцца цуд,
што наш Рыцар і Край несьмяротны.
Жыве Беларусь!