Дзень волі. Замежнікі віншуюць беларусаў з freedom day, але “воля” – гэта не толькі freedom. Гэта …
Шмат гадоў нас лічылі не народам, а так, “тутэйшымі”, – людзьмі без дома, без самасвядомасці, што жывуць на задворках імперый і гінуць на чужых войнах. Але аднойчы 25 сакавіка беларусы голасна заявілі: “Наша воля – мець уласную дзяржаву”.
БНР праіснавала нядоўга. Яе мужныя заснавальнікі і заснавальніцы апынуліся хто ў лагерах, хто ў выгнанні, хто ў магіле. Але воля народа была агучана. Мы зрабілі крок наперад.
Зараз мы нарэшце маем уласную дзяржаву, вось толькі дзяржава наша – пад акупацыяй. Колькі крокаў яшчэ засталося да сапраўднай незалежнасці – невядома.
Але воля беларусаў – жалезная, і прага да свабоды – нязменная. За намі пакаленні годных людзей: ваяроў, асветнікаў, палітыкаў, навукоўцаў, творцаў, змагароў за незалежнасць. І побач з намі, не ў мінулым, а сёння, зараз, таксама годныя людзі, чыі імёны захаваюцца ў падручніках гісторыі. І колькі б крокаў не засталося на шляху да свабоды – мы пройдзем гэты шлях.
Са святам, дарагія беларусы!
Хай воля вечна будзе з намі!
Жыве Беларусь!